БТ нагадала Рашэтнікаву пра ВКЛ і Максіма Багдановіча



Беларускае тэлебачанне адрэагавала на скандальнае выказванне генерал-лейтэнанта ў адстаўцы Леаніда Рашэтнікава пра беларускую мову і беларускую дзяржаўнасць.

Нагадаем, што дырэктар Расейскага інстытута стратэгічных даследаванняў (РІСД), аналітычнага цэнтра Адміністрацыі прэзідэнта РФ, назваў Беларусь „часткай вялікай Расеі” і выказаў арыгінальную тэорыю паходжання беларускай мовы – заявіў, што яна была створана дэкрэтам бальшавікоў у 1926 годзе.

У сувязі з гэтым выказваннем расейскага функцыянера Міністэрства замежных спраў Беларусі выклікала дарадцу-пасланніка Пасольства Расеі ў Беларусі Вадзіма Гусева і заявіла пратэст. Газета прэзідэнцкай адміністрацыі назвала Рашэтнікава „глыбокім адстаўніком”, „дылетантам” і „балбатуном”.

Цяпер і дзяржаўнае беларускае тэлебачанне прайшлося па расейскім чыноўніку:

„Гэты адстаўнік Рашэтнікаў пляце пра беларускую мову і беларускую дзяржаву. Пляце здаецца як па пісаным. Але пісаных хронік персанаж хронікі не свецкай сам, падобна, даўно не гартаў. Інакш ведаў бы пра Вялікае княства, асноўны закон якога пісаны дзяржаўнай старабеларускай, і пра іншыя лінгвістычныя ісціны значна больш старажытныя, чым 90 гадоў. Але. Нават не дакранаючыся да фундаментальнай навукі, ад якой пенсіянер Рашэтнікаў аддалены, варта прыгадаць, што навечна 25-гадовы Багдановіч выдаў свой неўвядальны паэтычны беларускі „Вянок” больш за стагоддзе таму”, – гаворыцца ў сюжэце БТ.

Сам генерал-лейтэнант і пасля скандалу не адмаўляецца ад сваіх слоў.

belpartisan.org