БТПР выпусціла ў пяць вадаёмаў больш за 6 т рыбы



РДГА „Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” правяло зарыбленне адразу пяці вадаёмаў краіны, агульная вага выпушчанай рыбы склала больш за 6 т.

Два вадаёмы размешчаны ў Берасцейскай вобласці. У возера Арэхаўскае (Маларыцкі раён) выпушчана каля 7 тыс. асобін карпа агульнай вагой 2,725 т. У бліжэйшыя дні ў гэты вадаём плануецца дадаткова ўсяліць 2,2 т шчупака. Амаль 2 тыс. асобін шчупака і карпа агульнай вагой 835 кг выпушчана ў кар’ер Булькова (Жабінкаўскі раён).

Выключна драпежнымі відамі рыб зарыблена Полацкае вадасховішча: уселена амаль 4 тыс. асобін шчупака агульнай вагой 1 т і каля 3 тыс. асобін сома (700 кг). Праведзена зарыбленне двух вадаёмаў у Магілёўскай вобласці. Больш за 2,4 тыс. асобін шчупака, карпа і белага амура выпушчана ў сажалку гарадскога пасёлка Хоцімск, агульная вага рыбы склала 590 кг. А ў сажалку каля населенага пункта Тупічына Касцюковіцкага раёна выпусцілі больш за 1 тыс. асобін шчупака, карпа і белага амура (337 кг).

Зарыбленне вадаёмаў праводзіцца за кошт сродкаў Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, атрыманых ад выплаты членскіх узносаў рыбаловаў-аматараў. Падставай для такіх мерапрыемстваў з’яўляецца біялагічнае абгрунтаванне, якое распрацоўваецца спецыялістамі для кожнага вадаёма і праходзіць абавязковую дзяржаўную экалагічную экспертызу.

belta.by