Будынак былога Віцебскага гета прадаюць за 42 еўра



На аўкцыён выстаўлена незвычайная пабудова. Па-першае, яна з’яўляецца ўзорам архітэктуры канструктывізму, занесеным у Збор помнікаў архітэктуры. Па-другое, у Віцебску неаднаразова гучалі прапановы стварыць у гэтым будынку музей Халакосту, бо ў гады Другой сусветнай вайны тут размяшчалася віцебскае гета.

Пра апошні факт сведчыць мемарыяльны камень з надпісам на шыльдзе: “Тут будзе ўсталяваны мемарыяльны знак у памяць вязняў Віцебскага гета – ахвяр фашысцкага генацыду”. Камень усталявалі 20 гадоў таму, але памятнага знаку дагэтуль няма. Перспектыва стварэння музея выглядае яшчэ менш верагоднай.

Будынак на беразе Дзвіны з’явіўся ў пачатку 1930-х, ён быў узведзены паводле праекта архітэктара-авангардыста А.Васільева ў якасці клуба мясцовага прадпрыемства “Чырвоны металіст”. У гмаху плошчай 2458,8 м² мясціліся глядзельная і спартовая залы, вялікае фае, бібліятэка, шмат памяшканняў для гурткоў. У пачатку вайны будынак апынуўся на тэрыторыі гета. Мясцовыя жыхары-габрэі, якіх сагналі сюды з уласных дамоў, былі вымушаны пасяліцца ў колішнім клубе. Ад перанаселенасці ў асяродку вязняў пачаліся эпідэміі, людзі паміралі або ад хваробаў, або былі знішчаны нацыстамі падчас расстрэлаў. Частку людзей патапілі ў Дзвіне. Дакладных дадзеных пра колькасць вязняў гета няма: адны крыніцы паведамляюць пра 17 тысяч закатаваных, другія – пра 13 тысяч, трэція – пра 11 тысяч.

Пасля вайны будынак аднавілі, тут некаторы час працаваў Акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Тут праходзіў і паказальны судовы працэс над катамі, якія знішчалі насельнікаў гета. Пазней у былым клубе размясціўся Дом культуры Віцебскага раёна. У 2006 годзе ўлады вырашылі, што помнік архітэктуры вымагае рэстаўрацыі, і выселілі з памяшканняў работнікаў культуры. Пустыя пакоі вабілі асацыяльных элементаў, і ў 2009 годзе тут здарыўся вялікі пажар.

Рэстаўрацыя адтэрміноўвалася ўсё далей і далей: у 2011 годзе будынак было вырашана перадаць тэатру “Лялька”, але сродкаў на рамонт у новых гаспадароў не было. Няма і зараз, таму гістарычны будынак спрабуюць прадаць з аўкцыёну. Сёлетняя спроба знайсці новага гаспадара для будынка, які знаходзіцца ў жахлівым стане, ужо пятая. Аўкцыён мае адбыцца 21 сакавіка, абвешчаны стартавы кошт – самы танны за апошнія гады, і складае ўсяго 4 базавыя велічыні (102 беларускія рублі, або 42,3 еўра)

Паводле начальніка ўпраўлення камітэта “Віцебскаблмаёмасць” Паўла Лук’янава, зацікаўленых у пакупцы асобаў няма: за ўсе гады будынкам зацікавіўся толькі адзін чалавек, які хацеў бы зрабіць тут медычны цэнтр. Аднак, паводле ўмоваў аўкцыёну, новы гаспадар павінны аднавіць першапачатковы выгляд помніка архітэктуры і адчыніць у ім культурніцкую ўстанову.

У Віцебску ўжо не першы год распавядаюць гісторыю, нібыта да будынка колішняга гета пад’ехала замежная дэлегацыя, і замежнікі былі ў захапленні: ім падалося, нібыта абшарпаны гмах з пустымі аканіцамі і ёсць музей генацыду. Іншаземцы палічылі, што перад імі – твор сучаснай канцэптуальнай архітэктуры, які перадае выгляд будынка ў ваенны час. На жаль, гэта далёка не так.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск