Будзь эфектыўным: Гуляй па-беларуску!



Гульні – гэта самыя смачныя «кансервы». Гэта супер-мега-круты спосаб падвысіць сваю эфектыўнасць..        

Што такое «кансерва»? Тое, чым можна замяніць доўгі і нудны працэс. Кожны турыст, тэарэтычна, можа ўпаляваць дзічыну, раздзелаць, прыгатаваць і пад’есці. Але большасць выбірае «кансервы». Гадаванне дзяцей – падарожжа даўжынёй у дзясяткі год, якое робяць прасцейшым і цікавейшым «кансервы»: кашы (толькі дадай вады!), аднаразавыя падгузнікі і сурвэткі і гэтак далей. Кнігі ды інтэрнэт-рэсурсы – тыя ж «кансервы». І, вядома ж, гульні. Якія гульні-«кансервы» дадуць нам – і дзецям – магчымасць быць эфектыўнымі? Любыя, бо актыўнасць, маторыка буйная і дробная, навыкі камунікацыі і падпарадкаванне правілам так ці інакш развіваюцца ў кожнай гульні.

Але асобна стаяць гульні, у якіх мы набываем веды і адпрацоўваем вучэбныя навыкі. Гульні, якія распрацоўвае Наталля Галко, сярод іх. Чаму я выбіраю гульні „Падарожжа па Беларусі”, „Чароўныя алоўкі” і «Пары па-беларуску»? Таму што, гадуючы сваю каманду (ім ад 5 да 15) і аналізуючы беларускія рэаліі, я ведаю, што: – па-расейску навучыцца само (нават калі вы будзеце з ім дома); – замежную ў школе яно будзе ведаць лепей за беларускую (калі самі бацькі не ўмяшаюцца ў навучальны працэс. Не верыце? Проста параўнайце сучасныя падручнікі па роднай і па замежнай, пашукайце ў краме аўдыёдадаткі, мульцікі, г.д.); – гульні, распрацаваныя педагогам Наталляй Галко, маюць літаральна бясконцы патэнцыял. Першыя два пункты для тых, хто глядзіць на крок наперад, аналізуе змены ў нашым грамадзтве і разумее, што веданне беларускай з маленства спросціць дзіцяці жыццё. Вы правільна адчуваеце сітуацыю, і многіх бацькоў хвалюе тое самае, што і вас. Пра трэці пункт хачу пагаварыць асобна. Як вядоўца курсаў «Мова Нанова Дзеткам», я пастаянна шукаю спосабы пагуляць са словам. І падобныя матэрыялы – невычарпальная крыніца забаў.                                                                                    

Возьмем гульню «Чароўныя алоўкі». Ёсць карткі са словамі, ёсць алоўкі і маляванка. Называем слова – шукаем аловак адпаведнага колеру – размалёўваем. Другі варыянт: адзін чытае слова, іншыя называюць прадметы таго ж колеру. Альбо прыкметы гэтага прадмета. Альбо паказваюць і адгадваюць дзеянні, якія робяць з гэтым прадметам. Хуценька спрабуюць прыдумаць прадметы на кожную літару слова на картцы. Сартыруюць карткі па наяўнасці-адсутнасці ў словах загаданай літары (гэта могуць і тыя, хто не чытае, і гэта ім дапаможа пачаць чытаць). Прыдумляйце рыфму да слова на картцы. Спрабуйце з літар гэтага слова скласці іншае слова… Я магу працягваць бясконца, і вы, не сумняваюся, таксама.                                         

«Падарожжа па Беларусі» – гэта, наогул, пра любоў. Так, пра любоў, бо мы не можам любіць тое, чаго зусім не ведаем. І чым болей мы ведаем, тым прасцей нам палюбіць і прыняць. Гульня, у нечым падобная да «Эрудыта», але сканцэнтраваная на адметнасцях Беларусі і беларусах, дапаможа ўдасканаліць навыкі чытання, навучыцца падбіраць абагульняючыя словы і – а гэта галоўнае! – вы зможаце падзяліцца з дзецьмі сваімі ведамі пра сусвет, гульня дае нагоду для жывога кантакта, падказвае цікавыя тэмы размоў і нават даследванняў. А што да школьнікаў, дык яны могуць здзівіць вас нечаканымі ведамі і свежым поглядам на жыццё.

Трэцяя гульня – «Пары па-беларуску» – стане вашай любімай «кансервай». Трэніроўка логікі, увагі і ўсіх відаў памяці, вядомы забавы «Кракадзіл» (паказваем слова пры дапамозе пантамімы), «Варона» (называем слова на азначаную літару з прапанаванага слова) і іншыя спосабы падвысіць слоўнікавы запас, рэакцыю, актыўнасць – заўзята, весела і на любы ўзрост ад нуля да бясконцасці. Адмыслова распрацаваныя дадаткi-слоўнічкі дапамогуць вам не сесці ў лужыну.                                                                           

Але галоўнае не ў тым, што на вас абрынецца бонус у выглядзе добрай адзнакі па роднай мове. Вы ведаеце самі: пасля таго, як вы шчыра і захоплена пагуляеце з дзецьмі, яны па інэрцыі працягваюць гуляць самі, вынаходзячы ўсё новыя забавы і сюжэты. А лепшыя ў свеце бацькі – вы! – атрымліваеце самае каштоўнае: лад у хаце і некалькі хвілін для саміх сябе. І вы гэты час у дзяцей не скралі. Вы не павярнуліся спінай да іхных патрэб (Сціхні! Не лезь! Не чапай!). Вы проста дзейнічалі эфектыўна.

Больш падрабязная інфармацыя аб іншых гульнях ёсць у групе “Скарбонка гульняў” на FB – далучайцеся!

 Сёння Наталля Галко i яе каманда просяць нашай падтрымкi. Iдзе збор сродкаў на выданне гульняў „Падарожжа па Беларусі”, „Чароўныя алоўкі” і «Пары па-беларуску». Некалькi клiкаў мышкай, некалькi рублёў. Гэта – даступны нам усім спосаб штурхнуць эвалюцыю краіны ў слушным кірунку. І атрымаць магчымасць гуляць з дзецьмі па-беларуску. СЁННЯ. Дзеля ЗАЎТРА.

Вось спасылкі на праекты з гульнямі на Вуллі:

– Гульня „Пары па-беларуску” – https://ulej.by/project?id=754486

– Гульня „Падарожжа па Беларусі” – https://ulej.by/project?id=753788

– Гульня „Чароўныя алоўкі” – https://ulej.by/project?id=753719

Тут можна замовіць гульню сабе, сябрам, сваёй настаўніцы (чаму не?) па спецыяльным кошце – і тым самым падтрымаць праект.

Алена Церашкова