Будзе больш крыві. Першы беларускі вэб-серыял жахаў



Больш за 425 тысячаў разоў на YouTube паглядзелі першую серыю першага беларускага вэб-серыяла жахаў „Заклятыя скарбы”. І гэта толькі за некалькі першых дзён. Такія лічбы праглядаў натхняюць стваральнікаў працаваць далей над серыялам.

Музыка дае нам магчымасць зразумець, што кіно страшнае. Хаця, як прызнаюцца стваральнікі, першая серыя атрымалася лайтовай. Далей будзе яшчэ больш крыві, кажа рэжысёр Сяргей Аўсяннік:  

Першая серыя атрымалася вельмі такой лайтовай, бо там няма таго, чаго мы хацелі, напрыклад, мноства крыві.

– Гэта не таму, што мы штосьці не дарабілі, а проста на гэта патрэбныя зусім іншыя сродкі. Мы зараз у пошуках, у нас ужо ёсць вынікі. Серыял будзе далей здымацца, будзе спонсарская падтрымка, яна ўжо ёсць. Серыял будзе крышачку па жудасней, усё як і пісалі, усё гэта будзе здзейснена. Восем серый у кожным сезоне, будуць два сезоны пакуль. У каментарах на YouTube вялікая колькасць піша, што не хапае часу, каб яшчэ хвілі 10-20 хвілін было дабаўлена. Іншыя пішуць, што няма развіцця персанажаў, бо ўсе прызвычаіліся да працяглых фільмаў. Вэб-серыял для інтэрнэта падразумевае, што развіцця персанажа як такога не бывае. Ёсць персанаж, які адразу знаходзіцца ў нейкіх пэўных умовах, і ён гэтыя ўмовы пэўным чынам вырашае ці не вырашае. Чым наша спецыфіка адрозніваецца ад працяглых серыялаў – гэта серыі па 9-12 хвілін, і тое гэта вельмі многа.

Амерыканцы зараз здымаюць серыялы па 6 хвілін, ёсць нават 30-секундныя серыялы, якія вырабляюцца спецыяльна для Instagram, што глядзіцца вельмі шыкоўна.     

РР: Атрымліваецца, што веб-серыял можна глядзець кожную серыю паасобку?

– Не. Ёсць серыялы гарызантальныя, да чаго прызвычаіліся ўсе людзі, дзе ёсць нейкае развіццё. Таксама ёсць так званыя вертыкальныя серыялы – гэта якраз такі наш серыял.

У нас кожная серыя не будзе звязана з іншымі, можна ўключыць шостую серыю, а на наступны дзень паглядзець першую і нічога не згубіцца ў разуменні.  

Наступную серыю плануюць у канцы траўня-пачатку чэрвеня. Апершую серыю „Галаву Складзеш” на сэрвісе YouTube ўжо паглядзелі больш за 425 тысячаў разоў.

Кажа адна са сцэнарыстак Валярына Кустава:

– Залежала, каб максімальна гэта было беларускае кіно, наша кіно, заснаванае на нашых легендах, на нашай мове. У асноўным з беларускімі акторамі, па-беларуску.

Гэта не гістарычнае кіно, гэта паданні і міфы, якія адаптаваныя пад беларускую сучаснасць.

Героі – гэта нашы суседзі, нашы сябры, то бок звычайныя беларусы, якія жывуць у XXI стагоддзі, і воляй лёсу трапляюць на гэты скарб ды сустракаюцца праз магічныя месцы з пачварнымі, чароўнымі істотамі.

Маем фінансавую падтрымку і плануем новыя серыі, кажуць стваральнікі серыяла. Наступная серыя чакаецца ў траўні-чэрвені. Больш пра гэта ў праекце „Месца для прэсы”.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя