Будзе вызначаны далейшы фармат абароны Курапатаў



Далейшы фармат кампаніі ў абарону Курапатаў будзе вызначаны праз тыдзень, паведаміў 3 верасня сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) Павел Севярынец на прэс-канферэнцыі, якая прайшла каля рэстарана „Поедем поедим”.

Паводле яго слоў, 9 верасня будзе „вельмі важным днём у справе абароны Курапатаў”. „У гэты дзень будзе праведзеная своеасаблівае выпрабаванне, у якім фармаце пратэставаць супраць працы рэстарана. Мы збіраемся правесці каля рэстарана сход, дзе выступяць лідары партый і рухаў, абаронцы Курапатаў. Будзем таксама збіраць подпісы для паўторных зваротаў у дзяржаўныя органы”, — распавёў палітык.

„Калі прыйдзе пару дзясяткаў чалавек, тады фармат абароны Курапатаў, магчыма, прыйдзецца скарачаць да выхадных дзён. Калі прыйдзе хаця б 150-200 чалавек, то гэта будзе азначаць, што людзі гатовыя прастаяць да Дзядоў або да перамогі. У залежнасці ад колькасці людзей і будзе вырашацца, якой быць далейшай абароне Курапатаў. Гэта будзе тэст на сталасць беларускага грамадства, ці гатовае яно абараніць памяць сваіх продкаў, свой народ і сваю краіну”, — заявіў Севярынец.

Палітык таксама паведаміў, што накіраваў у Менскі райвыканкам апавяшчэнне аб намеры правесці 9 верасня ў Курапатах сход грамадзян.

Пратэсты супраць працы рэстарана „Поедем поедим” ва ўрочышчы Курапаты, дзе расстрэльвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, доўжацца з 31 траўня. Паводле слоў Севярынца, на працягу трох месяцаў каля ўваходу ў рэстаранны комплекс штодня стаяла ад некалькіх чалавек да некалькіх дзясяткаў актывістаў. „Рэзананс пра Курапаты ідзе па ўсёй Беларусі. Рэстаран байкатуюць: у дзень у яго заходзяць ўсяго некалькі чалавек. Гэта — вынік курапацкай варты. Але наша галоўная мэта — закрыццё рэстарана”, — сказаў Севярынец.

belapan.by