Бягучы тыдзень абяцае быць цёплым і без ападкаў



Цёплае і без ападкаў надвор’е чакаецца на бягучым тыдні ў Беларусі, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

„Антыцыклон, цэнтр якога цяпер знаходзіцца над паўночным усходам Украіны, на працягу рабочага тыдня прадоўжыць уплываць на надвор’е ў Беларусі, захаваецца цёплае без ападкаў надвор’е”, – расказалі сіноптыкі.

У аўторак, 16 кастрычніка, будзе без ападкаў. Уначы і раніцай месцамі чакаецца туман. Тэмпература паветра ўначы па рэспубліцы ў асноўным складзе ад 1 да 7 цяпла, у асобных раёнах замаразкі да нуля – 2 градусаў. Удзень чакаецца ад 15 да 20 вышэй за нуль.

У сераду і чацвер, 17 і 18 кастрычніка, без ападкаў. Уначы і раніцай у асобных раёнах згусціцца туман. Тэмпература ўначы – ад нуля да плюс 7. Удзень будзе ад 15 да 22 градусаў цяпла.

У пятніцу, 19 кастрычніка, прагназуецца пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай у асобных раёнах туман. Уначы будзе 3-8 градусаў вышэй за нуль, удзень – ад 13 да 18.

У выхадныя дні надвор’е пачне мяняцца. У суботу, 20 кастрычніка, удзень праз тэрыторыю краіны будзе перамяшчацца атмасферны фронт. І хоць дажджоў будзе няшмат, за фронтам пачне паступаць больш халоднае паветра з паўночных шырот, таму ў выхадныя дні пахаладае.

zviazda.by

Фота Васіля Кроквы