Бяроза жыве ва ўзмоцненым рэжыме



Перадвыбарчы час у Бярозе адзначыўся ўзмоцненым рэжымам аховы ў судзе, райвыканкаме і міліцыі, дзе пры ўваходзе дзяжураць ужо не па адным чалавеку, а па два. Дайшло і да вучэнняў ля райвыканкама. Міліцыя сумесна з пажарнымі трэніравалася да дзеянняў падчас нейкага экстрэннага выпадку. Напужаным прахожым, якім забаранілі рух ля райвыканкама, нічога не паяснялі, кажа сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржук Русецкі:

– Калі хацеў зайсці ў раённую выбарчую камісію, аказалася, што ганак райвыканкама быў абцягнуты стужкай. Стаяў міліцыянт у шлеме і забараніў мне заходзіць. Непадалёк ад райвыканкама стаялі дзве пажарныя машыны. Пажарнікі такой жа чырвонай стужкай перакрылі вуліцу Чырвонаармейскую і выезд са стаянкі паміж Сонечным і судом Бярозаўскага раёна. Людзям, якія хацелі прайсці, сказалі абыходзіць, як хочаце, але іх не пускалі.

Грамадскі актывіст Анатоль Сахаруша лічыць узмоцнены рэжым у дзяржаўных установах і нейкія так бы мовіць вучэнні па абароне чыноўнікаў спалохам улады перад людзьмі:

– Калі ўжо тут такі «шухер» падняўся, яны нечага баяцца, то значыць адчуваюць, што нешта робяць не так.

Узмоцнены прапускны рэжым у дзяржаўных установах і гэтыя нечаканыя вучэнні выклікаюць крыватолкі ў народзе і неадназначныя адносіны да ўсяго, што адбываецца апошнім часам у горадзе.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза