Пенсіянерка патрабуе годнага медычнага абслугоўвання



74-гадовая бярозаўская пенсіянерка Валянціна Трэпачова, якая 45 гадоў адпрацавала і плаціла падаткі, не можа трапіць па рэкамендацыі абласнога кардыёлага на абследаванне ў кардыялагічнае аддзяленне Бярозаўскай раённай бальніцы. Год таму Трэпачова перанесла аперацыю на сэрцы. Дзяжурны ўрач, выкліканы на дом,  прапанавала ёй вясковую больніцу. Пры нязгодзе запатрабавала ад хворай жанчыны распіску аб адмове.

Валянціна Трэпачова паясніла, што там няма ні патрэбнай апаратуры, ні спецыялістаў, якія павінны яе агледзець. Але гэта не змяніла рашэнне лекара. Прыйшлося ў каторы раз пісаць скаргу галоўнаму доктару, гаворыць Валянціна Іванаўна:

– Пажылыя людзі нікому ўжо непатрэбныя. Каб не плаціць ім пенсію, хочуць, каб яны хутчэй “дайшлі”,– я так лічу. Вельмі цяжка ў нас нечага дабіцца. Колькі раз  я звярталася да кіраўніцтва бальніцы, нават у Берасце было складана выбіць накіраванне. З-за такіх адносін лекараў да мяне маё здароўе толькі пагоршылася. Я думаю, што калі б я не скардзілася, не пісала, не патрабавала, мяне б ужо даўно не было.

Валянціна Трэпачова з сям’і рэпрэсаваных. 9-гадовай дзяўчынкай трапіла з бацькамі ў Сібір. Пенсіянерка лічыць, што яе пастаяннае змаганне за больш-менш годную медычную дапамогу будзе карысным і для іншых пажылых бярозаўчан, якім таксама часта не знаходзіцца месца ў бальніцы па месцы жыхарства. Радыё Рацыя, да якога Трэпачова звярнулася па дапамогу, адсочыць яе сітуацыю.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.