Бярозаўскія чыноўнікі хаваюць інфармацыю пра службовыя выдаткі



Чыноўнікі Бярозаўскага раённага выканаўчага камітэта не жадаюць прадастаўляць інфармацыю пра свае службовыя расходы. Хаця такая інфармацыя павінна быць даступнай, адкрытай і празрыстай.

 

Па такую інфармацыю Вадзіма Якушыка накіравалі ў інтэрнэт:

– Мяне вельмі моцна цікавіла, колькі прыватных і дзяржаўных арганізацый у Бярозе? Колькі чыноўнікаў у Бярозаўскім раёне, якія ў іх заробкі? Якія ў іх дзяржаўныя машыны? Колькі бюджэтных грошай яны выдаткоўваюць на абслугоўванне гэтых машын, на бензін, на стаянкі? Камітэт адказаў, што я павінен сам паглядзець у інтэрнэце, але такіх дадзеных я там не знайшоў.

На пытанне, ці хацелі б вы ведаць, у колькі абыходзяцца чыноўнікі, жыхары Бярозы адказалі па-рознаму:

– Не цікавяць мяне зараз нечыя выдаткі.

– Мяне не цікавіць, мне свайго хапае.

– Я туды не ўнікаю. А што мне, я не адукаваная.

– Калі б была такая магчымасць, то было б цікава.

– Хацелася б ведаць.

Паводле Вадзіма Якушыка, бяда нашай краіны ў абыякавасці нашых грамадзян, нібы не чыноўнікі для іх, а яны для чыноўнікаў.

Беларускае Радыё Рацыя