Бярозаўскія праваабаронцы нагадалі пра Міжнародны дзень абароны правоў чалавека
Нягледзячы на акупацыйныя ўмовы з боку сілавых і праўладных структур, калі ў горадзе забаронены практычна нават выхад на вуліцы і гарадскую плошчу актыўных грамадзян і стасункі іх з людзьмі, беларускія праваабаронцы здолелі 10 снежня адзначыць Міжнародны дзень правоў чалавека.
У цэнры Бярозы яны раздалі звыш ста асобнікаў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, выдадзеных ААН.
Гэта ўжо стала традыцыяй 10 снежня. Мерапрыемства прайшло спакойна. Відаць, не было тых, хто мог паведаміць у мясцовы РАУС аб, так бы мовіць, непарадку. Хаця былі тыя, хто адмаўляўся браць Дэкларацыю па розных прычынах.
Тое, што ў такі складаны час Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека трапіла ў рукі шараговых людзей, вельмі знакава: чалавек павінен ведаць пра свае правы і адстойваць іх нават у бязлітасным бяспраўі.
10 снежня 1948 года Генеральнай Асамблеяй ААН была прынята Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. З 1950 года гэты дзень адзначаецца ва ўсім свеце як Дзень правоў чалавека.
Беларускае Радыё Рацыя
