Бярозаўскія ўлады працягваюць чыстку сваіх кадраў



Чарговай ахвярай чысткі стаў старшыня Белаазёрскага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандр Данілюк. Старшыня Данілюк быў адданы сістэме чалавек. Перад назначэннем у гарвыканкам доўгія гады ўзначальваў Белаазёрскую арганізацыю па надзвычайных сітуацыях, быў дэпутатам розных мясцовых узроўняў. Але ўлада не даравала перамогі Святланы Ціханоўскай на двух выбарчых участках з трох у горадзе і далейшых упартых пратэстаў гараджан, кажа сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сяржук Русецкі:

– Гэта працяг агульнай тэндэнцыі. Улады палічылі, што справіліся з пратэстам. То цяпер, адпаведна пачынаецца „праца над памылкамі”. Гэта паслядоўны працэс, які на гэтым, я так думаю, не спыніцца. Калі згадаць той жа замах на Гітлера, то на працягу года вычышчалі ўсю Нямеччыну ад тых, хто кантактаваў з удзельнікамі замаху. Так і тут, улада імкнецца стварыць умовы, каб застацца надалей.

Паводле праваабаронцы, далей трэба чакаць чыстку выбарчых камісій, дзе перамагла Ціханоўская. Але ўсё гэта толькі працягне агонію цяперашняй незаконнай улады, паколькі гістарычны працэс спыніць немагчыма.

Беларускае Радыё Рацыя