Бяспечнасць – вораг на вадзе



Берасцейскія выратавальнікі заклікаюць грамадзян быць адказнымі і сур’ёзна адносіцца да адпачынку на вадзе. На жаль, такі прызыў абумоўлены сумнай статыстыкай першых двух месяцаў сёлетняга купальнага сезону. Па віне дарослых спіс патанулых папоўнілі дзеці, па адным з Маларыцкага, Столінскага і Пінскага раёнаў.

Акрамя простых правіл бяспекі – не ўжываць каля вады алкаголю і назіраць за сітуацыяй –  неабходна сур’ёзна ацэньваць свае фізічныя здольнасці. Так, у панядзелак 4 жніўня 22-гадовы хлопец у Пінскім раёне вырашыў пакупаць сабаку ў возеры і патануў.

Старшыня Пінскай гарадской агранізацыі выратавальнікаў на вадзе Юрый Пічугін лічыць, што людзей падводзіць іх бяспечнасць:

 У гэтыя ж дні, калі здарылася трагедыя з дзіцяці ў Пінску, утануў школьнік у Столінскім раёне і ў Маларыце. Геаграфія вобласці вялікая, але прычына адна – недагледзелі. Бацькі дзесьці адлучыліся. Ці, калі ўзяць выпадак у Столінскім раёне, 15 хвілін дзіцяці не бачылі. Чаму ж яны не задумаліся пра тое, дзе ж іх дзіця гэтыя 15 хвілін знаходзіцца? Тым больш гэта было на беразе ракі Гарынь, якая мае хуткае цячэнне і даволі глыбокая.

Па афіцыных дадзеных Міністэрства аховы здароўя, у статыстыцы дзіцячай смяротнасці ад няшчасных выпадкаў утапленне знаходзіцца на другім месцы пасля траўмаў і атручванняў. Медыкі нагадваюць, што вярнуць чалавека да жыцця магчыма толькі ў тым выпадку, калі ён знаходзіўся пад вадою не больш за пяць хвілін.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота аўтара