Бясплатныя кансультацыі для шматдзетных маці пройдуць у Мінюсце



У Міністэрстве юстыцыі пры ўдзеле Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў і Беларускай натарыяльнай палаты 11 кастрычніка пройдзе традыцыйная акцыя па бясплатнай юрыдычнай кансультацыі шматдзетных маці і маці, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Пра гэта  паведаміла прэс-сакратар Мінюста Вольга Шыбко.

Прыём правядуць супрацоўнікі Мінюста, адвакаты, натарыусы і судовыя выканаўцы. Спектр пытанняў, якія адносяцца да кампетэнцыі органаў юстыцыі, шырокі і звязаны з прымусовым выкананнем судовых пастаноў, спагнаннем аліментаў, дзейнасцю натарыусаў і работнікаў органаў загса, адвакатаў, якія ажыццяўляюць юрыдычную дапамогу. Можна будзе атрымаць адказы на пытанні, звязаныя з жыллёвым заканадаўствам, рэгуляваннем шлюбна-сямейных адносін. Акцыя пройдзе з 11.00 да 13.00 па адрасе г.Менск, ул.Калектарная, 10.

Акрамя гэтага, для ўсіх мам, якія звярнуліся па прававую дапамогу, арганізуюць арт-прастору з выставай лепшых фота і творчых работ пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Слова, першае ў жыцці…».

Аналагічныя акцыі правядуць галоўныя ўпраўленні юстыцыі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. У прыватнасці, 11 кастрычніка ў Гомелі шматдзетных маці бясплатна пракансультуюць з 17.00 да 19.00 у публічным цэнтры прававой інфармацыі пры Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У.І.Леніна (пл.Перамогі, 2а), у Магілёве – з 11.00 да 13.00 па адрасе вул. Першамайская, 71, каб. №539. У Менску акцыя пройдзе 14 кастрычніка з 10.00 да 13.00 ва ўпраўленні рэгістрацыі і ліцэнзавання галоўнага ўпраўлення юстыцыі Менгарвыканкама па адрасе пр.Пушкіна, 42, а ў Берасці ў гэты дзень з 14.00 да 16.00 шматдзетныя і адзінокія маці могуць атрымаць бясплатныя кансультацыі па адрасе вул.Міцкевіча, 3.

zviazda.by