Былі затрыманы Наста Дашкевіч, Любоў Лунёва, Вольга Давыдава



Журналісты прыехалі ў Ленінскі РАУС сталіцы. Іх там затрымалі. Журналісткі Вольга Давыдава, Любоў Лунёва – затрыманыя ў пастарунку міліцыі, куды яны прыехалі суправаджаць Насту Дашкевіч, жонку актывіста «Маладога Фронту» Зьмітра Дашкевіча. Сама Наста таксама не можа пакінуць будынак РАУС.

Любоў Лунёва паведаміла, што затрымалі нібыта за анлайн-трансляцыю:

– Прыехалі спытаць, ці тут знаходзіцца Зміцер Дашкевіч. Яны падумалі, што дзяўчына вядзе відэазапіс, і забралі…

Сувязь з Любоўю Луневай сарвалася. На тэлефоне дзяжурнай часткі сказалі, найперш, што там нікога няма, а потым, што не даюць ніякіх каментароў:

– Пакуль няма ў нас такой інфармацыі. Каментароў з гэтай нагоды мы не даем.

РР: Гэта значыць, што ў вас іх няма?

– У любым выпадку каментароў не даем.

Больш інфармацыі ведае прэсавы-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў – Барыс Гарэцкі:

– Мы разам з жонкай Змітра Дашкевіча Настай Дашкевіч паехалі ў Ленініскі РАУС. З’явілася інфармацыя, што Зміцер Дашкевіч знаходзіцца ў гэтым РАУСе. Як раз побач з РАУСам іх затрымалі, таму што Вольга Давыдава вяла анлайн-трансляцыю. Падайшлі міліцыянты і забралі ў яе пашпарт.

Вольгу Давыдаву і Любоў Лунёву, што супрацоўнічаюць з «Белсатам», затрымалі «за здымкі ў рэжымным аб’екце». Разам з імі затрыманая і Наста Дашкевіч.

Паводле інфармацыі, якую размясціў у Фэйсбуку Барыс Гарэцкі, у журналістак узялі тлумачэнні і вызвалілі прыкладна праз гадзіну пасля затрымання. Насту Дашкевіч таксама адпусцілі, але яна засталася побач з РАУСам спрабуючы даведацца пра лёс свайго мужа.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя