Былога старшыню Лоеўскага райвыканкама прыгаварылі да сямі гадоў



13 снежня суд Рэчыцкага раёна вынес прысуд былому старшыні Лоеўскага райвыканкама Сяргею Дзмітрову. За карупцыйныя злачынствы (артыкулы 430 і 426 КК — хабар і перавышэнне ўлады) ён прыгавораны да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Дзяржаўнае абвінавачанне прасіла для яго дзевяць гадоў пазбаўлення волі.

Былому кіраўніку інкрымінуюць шэраг эпізодаў злачыннай дзейнасці. Першыя з іх адносяцца да 2012—2015 гадоў. Тады Дзмітроў узначальваў сельскагаспадарчае прадпрыемства „Дубрава-Агра”. На думку абвінавачання, кіраўнік лабіяваў інтарэсы камерцыйных структур і за хабар даваў ім перавагу пры закупцы запчастак, піламатэрыялаў, шын і камбікорму, а таксама ў першую чаргу аплачваў тавары і паслугі прыватнікаў, хоць прадпрыемства мела запазычанасць перад іншымі суб’ектамі гаспадарання. За лабіяванне інтарэсаў прыватнікаў былы кіраўнік, паводле версіі абвінавачання, атрымаў у якасці хабару зруб лазні і дзіцячую пясочніцу, якія былі ўсталяваныя ў двары дома жонкі Дзмітрова.

У 2016 годзе ён быў прызначаны на пасаду старшыні Лоеўскага райвыканкама. На думку абвінавачання, чыноўнік „паставіў свае карыслівыя інтарэсы вышэй за грамадскія і дзяржаўныя”: даваў незаконныя ўказанні кіраўнікам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў заключаць дагаворы з камерцыйнымі структурамі Светлагорскага раёна на пастаўку запчастак, піламатэрыялаў і іншых тавараў. Кіраўнік раёна даваў указанні падначаленым у першую чаргу расплачвацца па дагаворах з прыватнікамі, хоць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы знаходзіліся ў цяжкай фінансавай сітуацыі: не мелі грошай на зарплату, аплату электраэнергіі, у іх былі арыштаваныя рахункі. Прадпрыемствы разлічваліся з прыватнікамі буйной рагатай жывёлай, хоць гэта было забароненае нарматыўнымі дакументамі аблвыканкама і райвыканкама. Шкода гаспадаркам Лоеўскага раёна ацэненая ў 78 тыс. рублёў.

Абвінавачанне сцвярджае, што за свае дзеянні Дзмітроў атрымаў у якасці хабару паслугу — рамонт аўтамабіля „Опель-Зафіра”, які належыць жонцы, а таксама ў якасці падарунка — гараж у Светлагорску, што быў аформлены на брата чыноўніка.

Перавышэннем улады следства расцаніла інцыдэнт з пажарам у лазні арэнднага дома ў Лоеве, дзе жыў з сям’ёй чыноўнік. На думку следства, пажар мог узнікнуць з-за невыканання жонкай Дзмітрова правілаў супрацьпажарнай бяспекі. Гэта пацягнула б адміністрацыйную адказнасць для жанчыны і рамонт лазні за кошт Дзмітрова. Ён даў указанне начальніку РАНС аформіць пажар як гарэнне смецця. Лазню затым рамантаваў райжылкамгас за свой кошт.

Былы кіраўнік віну не прызнаў цалкам. Яго адвакат Аляксандр Баранаў лічыць, што кіраўнік прымаў „альтэрнатыўныя меры” — парушаў забароны аблвыканкама (такія, як здача маладняку камерсантам), каб выратаваць гаспадаркі Лоеўскага раёна. „Ён прыняў раён у вельмі дрэнным стане”, — адзначыў абаронца. Паводле яго слоў, у выніку кіравання раёнам Дзмітровым сітуацыя ў сельскай гаспадарцы палепшылася. „На жаль, свабоды ў кіраўнікоў прадпрыемстваў няма, і тады, калі яны праяўляюць ініцыятыву, дзесьці парушаюць правілы і інструкцыі, — мы ўсе бачым, дзе яны аказваюцца”, — заявіў Баранаў.

belapan.by