Былы дырэктар шклоўскага „Жылкамгаса” прыгавораны да пяці гадоў



Суд Шклоўскага раёна прызнаў былога дырэктара мясцовага УКП „Жылкамгас” Аляксандра Сяменчанку вінаватым у перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў.

Восенню 2015 года пракуратура Магілёўскай вобласці пачала справу ў дачыненні да Сяменчанкі, западозранага ў тым, што ў выніку яго дзеянняў у красавіку 2015 года эканамічна неабгрунтаваныя выдаткі прадпрыемства былі павялічаныя больш як на 1 млрд недэнамінаваных рублёў, што пацягнула цяжкія наступствы ў выглядзе нанясення шкоды прадпрыемству дзяржаўнай формы ўласнасці ў асабліва буйным памеры і істотную шкоду дзяржаўным інтарэсам. Сяменчанка заявіў аб неабгрунтаванасці і несправядлівасці падазрэнняў праваахоўных органаў.

Пра раскрыццё злачынства і вынясенне прысуду былому дырэктару шклоўскага „Жылкамгаса” паведамілі ва УУС Магілёўскага аблвыканкама.

„Супрацоўнікамі УБЭЗ УУС Магілёўскага аблвыканкама і ГБЭЗ Шклоўскага РАУС спыненая злачынная дзейнасць дырэктара шклоўскага УКП „Жылкамгас”, які ў красавіку 2015 года ў парушэнне заканадаўства і лакальных нарматыўна-прававых актаў з мэтай неправядзення працэдуры закупкі адначасова заключыў 11 дагавораў куплі-продажу з камерцыйнай структурай Мінска на набыццё розных тавараў для патрэб прадпрыемства па завышаных цэнах”, — паведаміў часовы выканаўца абавязкаў намесніка начальніка УБЭЗ УУС Уладзімір Беланожка.

Паводле яго слоў, дамовы былі аформленыя пад рознымі датамі на сумы, якія не перавышаюць 1.000 базавых велічынь, што дазваляла пазбягаць правядзення канкурэнтнай працэдуры закупкі. Кошт асобных тавараў быў завышаны да 13 разоў. Прычыненая шкода прадпрыемству склала больш за мільярд недэнамінаваных рублёў.

14 жніўня суд Шклоўскага раёна прызнаў былога дырэктара „Жылкамгаса” вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў). Яму прызначанае пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў і правядзеннем юрыдычна значных дзеянняў тэрмінам на пяць гадоў. Прысуд у законную сілу не ўвайшоў і можа быць абскарджаны.

„Гэта першы прысуд у дачыненні да кіраўніка прадпрыемства ЖКГ з усёй маштабнай схемы, выяўленай у многіх рэгіёнах краіны сумесна з супрацоўнікамі БЭЗ рэспублікі”, — адзначыў Беланожка.

belapan.com