Былы палітвязень Арцём Дубскі, збіты, па яго словах, сілавікамі, знайшоўся ў ізалятары на Акрэсціна



Як пішуць праваабаронцы, праз пяць дзён пасля таго, як Дубскі перастаў выходзіць на сувязь, з яго сваякамі звязалася следчая «па пытанні нанясення Дубскаму фізічных калецтваў». Уначы 13 траўня, піша MAYDAY, супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС Мінска даставілі асіпаўчаніна ў шпіталь хуткай дапамогі, а праз дзве гадзіны забралі яго адтуль.

«Верагодна, пасля гэтага Дубскага даставілі на Акрэсціна, дзе ён і знаходзіцца. Вядома, што яго асудзілі нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», — піша MAYDAY. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Арцём Дубскі павінен выйсці з-пад арышту 27 траўня. MAYDAY адзначае, што 17 траўня ў пракуратуру Асіповіцкага раёна была пададзена скарга на бяздзейнасць сілавікоў. Хто менавіта падаў яе, не ўдакладняецца. Былы палітвязень Арцём Дубскі перастаў выходзіць на сувязь 12 траўня пасля таго, як расказаў аб збіцці сілавікамі днём раней і выкліку ў КДБ.

[manual_related_posts]