Былы кіраўнік Бабруйска пакараны 8-ю гадамі зняволення



Магілёўскі абласны суд прыгаварыў былога старшыню Бабруйскага гарвыканкама Андрэя Каваленку да васьмі гадоў зняволення на падставе абвінавачання ў хабарніцтве.

Справа ў дачыненні да Каваленкі была распачатая 14 лістапада 2016 года згодна з часткай 3 артыкула 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару асобай, якая займае адказную пасаду). Ён быў абвінавачаны ў незаконным атрыманні больш як 20 тыс. долараў ЗША. Справа разглядалася ў Бабруйску Магілёўскім аблсудом.

Прысуд быў вынесены 14 ліпеня, паведамілі БелаПАН у судзе. Былы чыноўнік прызнаны вінаватым у неаднаразовым атрыманні хабару ў буйным памеры і замахах на атрыманне хабару.

Яму прызначанае пазбаўленне волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. Каваленка на пяць гадоў пазбаўлены права займаць пасады, якія звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, а таксама даюць права ў межах кампетэнцыі аддаваць распараджэнні або загады і прымаць рашэнні адносна асоб, не падпарадкаваных па службе. Уся маёмасць былога чыноўніка падлягае канфіскацыі.

Яшчэ два фігуранты справы прызнаныя вінаватымі ў падбухторванні іншай асобы да давання хабару ў буйным памеры. Яны прыгавораныя да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Прысуд не набыў законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны.

belapan.by