Былы старшыня Менгарвыканкама ўладкаваўся ў РУП „Галоўдзяржбудэкспертыза”



Былы старшыня Менгарвыканкама Андрэй Шорац прызначаны намеснікам генеральнага дырэктара рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства „Галоўдзяржбудэкспертыза”.

Як паведамілі БелаПАН у прыёмнай прадпрыемства, Шорац пачаў працаваць 19 жніўня. На сайце прадпрыемства ў раздзеле „кіраўніцтва” ён яшчэ не пазначаны.

„Галоўдзяржбудэкспертыза” ажыццяўляе дзяржаўную экспертызу горадабудаўнічых праектаў, генеральных планаў Менска і абласных цэнтраў, схем тэрытарыяльнай арганізацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама абгрунтаванняў інвеставання ў будаўніцтва, архітэктурных і будаўнічых праектаў, гаворыцца на сайце прадпрыемства.

З лістапада 2014 года па лістапад 2018 года Шорац узначальваў Менгарвыканкам, а да гэтага — Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

У адстаўку з пасады старшыні Менгарвыканкама ён быў адпраўлены пасля таго, як на нарадзе па пытаннях будаўнічага комплексу ў лістападзе мінулага года Аляксандр Лукашэнка заявіў аб махінацыях са скупкай і перапродажам у Менску кватэр для малазабяспечаных і шматдзетных грамадзян. Лукашэнка загадаў адправіць „усіх у следчы ізалятар”, „разабрацца з усімі” і „вярнуць грошы народу”. Пры гэтым заявіў: „Заўтра паглядзім, што рабіць з Шорцам”.

БелаПАН