Былы супрацоўнік “Савушкінага прадукта” патрабуе ад прадпрыемства выплаты 15 мільёнаў рублёў



Былы работнік вядомага Адкрытага акцыянернага таварыства “Савушкін прадукт” Уладзімір Андрашчук з Берасця праз суд хоча дабіцца выплаты 15 мільёнаў рублёў, якія па калектыўнай дамове павінен быў атрымаць пасля выхаду на пенсію.

Расказвае прадстаўнік Андрашчука ў судзе, прававы інспектар Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці па Берасцейскай вобласці Уладзімір Малей:

– Па гэтай калектыўнай дамове ў сувязі з выхадам на пенсію прадугледжваецца выплата ў памеры дзвюх базавых велічынь за кожны адпрацаваны на прадпрыемстве год. Ён адпрацаваў 39 год. Прадугледжана таксама матэрыяльная дапамога ў памеры 8 базавых велічынь  і ўручэнне кветак работнікам арганізацыі ў сувязі з 50-годдзем і 60-годдзем пры стажы працы ў арганізацыі 10 гадоў. А ён атрымаў “кукіш”. Ён з’яўляецца ветэранам працы, а гэта 10 базавых велічынь. А яму нічога не заплацілі.

Сам Уладзімір Андрашчук лічыць, што кіраўніцтва не даравала яго прынцыповай грамадзянскай і прафесійнай пазіцыі:

-Гэта зроблена для таго, каб паказаць усім людзям, якія там працуюць, што такія як я пойдуць на пенсію жабракамі, прыніжанымі і  нічога не атрымаюць ад прадпрыемства.

Па словах старшыні Берасцейскага абласнога прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Зінаіды Міхнюк, калектыўная дамова на “Савушкіным   прадукце”,  складзена так, што ўсё залежыць ад волі генеральнага дырэктара. Якому пры заробку каля 500 мільёнаў у месяц, цяжка зразумець таго, хто патрабуе 15 мільёнаў, заслужаных усім працоўным жыццём.

Беларускае Радыё Рацыя