Чаму беларусы не гавораць па-беларуску?



Беларусь, бадай, што адзіная краіна, дзе абсалютная большасць насельніцтва карыстаецца ў паўсядзённым жыцці расейскай мовай, то бок мовай суседняй дзяржавы.

За 27 гадоў незалежнасці беларусы так і не загаварылі на роднай мове. Дыялектная беларуская мова захоўваецца толькі ў вёсках людзьмі старэйшага пакалення.

Сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржук Русецкі бачыць прычыну гэтага ў збегу гістарычных абставін:

– Пасля падзелу Рэчы Паспалітай Расея захапіла беларускі землі. Безумоўна, што яна імкнулася зрабіць усіх расейцамі.

Паводле Русецкага, русіфікацыю працягнулі бальшавікі ды новая ўлада ўжо незалежнай Беларусі. Што пацвердзілі таксама апытаныя жыхары Бярозы:

– Таму, што нас не прывучалі з дзяцінства. Я з 60-х гадоў. Гэтымі пытаннямі нашы настаўнікі раней проста не займаліся. Была беларуская мова – была, адно-два словы сказаў – сядай тры. Ды і цяпер, думаеце займаюцца – не.

– Проста ў сучасным свеце ў асноўным на расейскай размаўляюць – не прызвычаіліся.

Апошнім часам у грамадстве пашырылася цікаўнасць да беларускай мовы, культуры, калі ўзяць беларускамоўныя курсы “Мова нанова” і моду на вышыванкі. Але дзяржава ў гэтым накірунку робіць вельмі мала на карысць умацавання мовы карэннай нацыі. Толькі пры дэмакратычнай уладзе беларусы загавораць па-беларуску, упэўнены Сяржук Русецкі.

Беларускае Радыё Рацыя