Чаму дэкрэт аб “дармаедах” трэба адмяніць?



Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавядае пра тое, што будзе далей адбывацца з дэкрэтам аб “дармаедах”.

Дэкрэт выклікаў пратэсты людзей, што ў сваю чаргу дало падставы ўладам распачаць супраць пратэстоўцаў рэпрэсіі. І на гэтай хвалі сама тэма дэкрэта неяк ціха адыйшла ў бок. Як зменіцца дакумент? Ці ўсё-такі варта чакаць, што яго цалкам адменяць?

Генадзь Фядыніч: Дзеянне дэкрэта, як вядома прыпынена, людзі ўжо не плацяць падаткі за “дармаедства”. Як нам стала вядома, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў распрацавалі нейкі законапраект па ўдасканаленні дакумента і аддалі яго ў Адміністрацыю кіраўніка краіны. Гэтыя прапановы раней агучваліся ў СМІ, хутчэй за ўсё, яны і застануцца.

РР: Вас не задавальняюць такія змены ў дэкрэт?

Генадзь Фядыніч: Безумоўна, не задавальняюць, бо мы і раней выступалі за тое, каб дэкрэт быў адменены. Такога ж няма ў іншых краінах, мы – наперадзе планеты ўсёй. Трэба разумець, што дэкрэт прыпынілі пад ціскам саміх людзей, але, калі і ўнясуць змены, то выключыць з пад дзеяння дакумента могуць яшчэ 10-15 адсоткаў грамадзян. Але ж гэта ўсё роўна не тое. У дакуменце вельмі шмат супярэчнасцей! І пытанняў пакуль больш, чым адказаў. Я наогул не разумею, як яны “запускалі” гэты дэкрэт, папярэдне не абмеркаваўшы яго з грамадскімі арганізацыямі, з народам, з прафсаюзамі… Але ж хто з намі раіцца? І, калі так распрацоўваецца дэкрэт, то ён заўсёды будзе мець вялікія хібы. 

РР: Было заяўлена, што некаторым з тых, хто ўжо заплаціў падатак на “дармаедства”, грошы могуць вярнуць назад. Якім чынам гэта будзе адбывацца?

Генадзь Фядыніч: Я яшчэ не ведаю ніводнага чалавека, якому б дзяржава вярнула падаткі. Больш за тое, наколькі вядома, на сёняшні момант не існуе і працэдуры вяртання гэтых грошай. Улады задэкларавалі, што ў асобных случаях вернуць іх, але ніхто не ведае, як гэта будзе адбывацца на практыцы. Гэта ж не так проста, што чалавек прыйшоў у падаткавую, і яму выдалі наяўныя грошы альбо вярнулі іх на банкаўскую картку. Таму ўпэўнены, што для тых жа шэраговых работнікаў падаткавай інспекцыі гэты дэкрэт таксама – як костка ў горле.

РР: Але на поўную яго адмену ўлады не пойдуць?

Генадзь Фядыніч: Напэўна, не пойдуць, бо яны ўперліся ў сценку і назад адступаць ні ў якім разе не хочуць. Хаця і далейшага шляху няма. Так і будуць стаяць. Паказалі народу замест абяцанага заробку ў 500 даляраў дубінкі – вось і ўся размова.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя