Чаму прэсуюць адваката Веру Арэшка?



Старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак распавядае пра тое, чаму ўлады пачалі ціснуць на адвакатаў.

Як вядома, на адвакатку Веру Арэшка завялі справу за выдаванне тайны следства (арт. 407 КК) і за зпахоўванне зброі (ч. 2 арт. 295 КК). Першы артыкул прадугледжвае як максімальнае пакаранне штраф або арышт, а па другім могуць асудзіць на 7 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасці, паведамляе svaboda.org.

Як сцвярджае ГУБАЗіК, жанчына раскрыла звесткі з крымінальнай справы трэцім асобам, калі прадстаўляла інтарэсы Андрэя Галавача, былога галоўнага інжынера Менскага завода колавых цягачоў.

Cама Вера Арэшка віну не прызнае.

Алег Гулак: Не хачу каментаваць акалічнасці таго, як прад’яўляліся абвінавачванні адвакату, і наколькі яны прад’яўляліся аргументавана, бо не ведаю ўсіх дэталяў. Але, на маю, думку, гэтая справа не зусім звычайная і насамрэч патрабуе асаблівай увагі. Насцярожвае, што прэсанулі юрыста, які абараняе чалавека, з якога ўжо суд здымаў абвінавачванні, але праз 15 хвілін (!) яму прад’яўлялі новыя.

РР: Відавочна, што ў праваахоўных ораганаў тут ёсць адмысловая цікавасць да гэтай справы…

Алег Гулак: Так, і выбіць адваката са справа таксама ў іх жа інтарэсах. Не хачу нічога сцвярджаць, але факты складваюцца менавіта ў такі лагічны ланцужок. І такі матыў трэба вельмі ўважліва адсочваць. Справа адваката ў абавязковым парадку патрабуе грамадскай увагі. І, безумоўна, паглядзім, як адвакацкая супольнасць выступіць у абарону калегі. Гэта таксама вельмі важна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя