Чаму ў Беларусі запусцілі судовы канвеер?



Старшыня Беларускага Хельсінскага Камітэта Алег Гулак распавёў, чаму ў краіне ўжо амаль месяц працуе судовы канвеер.

Тым, хто ўдзельнічаў у снежаньскіх акцыях за незалежнасць, ужо выпісалі амаль 60 тысяч долараў штрафаў, а 11 чалавек асуджаныя агулам на 315 сутак арышту.

Алег Гулак: Такім чынам улады адрэагавалі на грамадскую актыўнасць, якая была ў снежні. Логіка такая: усялякая актыўнасць павінна карацца. Спецыфіка апошніх акцый была ў тым, што народу на іх прыходзіла не вельмі шмат, гэта ў сваёй большасці былі актывісты розных накірункаў. А гэтая катэгорыя заўсёды трапляла пад “раздачу”.

Калі б гэта былі звычайныя грамадзяне, якія не належаць да апазіцыі, магчыма, такога судовага канвеера і не было б. Напрыклад, калі б людзі сабраліся на вуліцы, каб выказаць сваё незадавальненне якой-небудзь новай забудовай.

РР: Але тут народ выказваўся за дзяржаўныя інтарэсы — людзі абаранялі незалежнасць краіны…

Алег Гулак: Уладам няма розніцы, за што штрафаваць, у іх, як ужо казаў, свая логіка захавання парадку. Тым больш, ім не патрэбны нейкія акцыі ў перадвыбарчы перыяд. Таму такія рэпрэсіі можна было чакаць загадзя.

Калі нехта думаў, што акцыі ў падтрымку незалежнасці будуць цікавыя ўладам, і яны прынамсі не будуць за гэта караць, той моцна памыляўся. На жаль, дзяржава прыватызавала вырашэнне ўсіх пытанняў, таму вырашыла, што і незалежнасць – гэта іх сфера, а не грамадскасці.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]