Чаму варта адмяніць 411-ы артыкул Крымінальнага кодэкса?



Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў распавядае, што гэтую норму прыбралі нават многія краіны былога Саюза.

Міхаіл Пастухоў

Нагадаем, што былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн» Андрэй Бандарэнка, якога асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, чакае суда па новай крымінальнай справе, што была ўзбуджана супраць яго.

11 студзеня Бандарэнку было прад’яўлена канчатковае абвінавачванне па ч.2 арт 411 УК – “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства”. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Міхаіл Пастухоў: Прваабаронцы неаднаразовы выступалі з і ніцыятывай адмяніць гэты ганебны артыкул, і зараз я ў чарговы раз атрымаў адказ з Камісіі па заканадаўству Палаты прадстаўнікоў. Мне паведамілі, што гэты артыкул на сёння патрэбны, каб забяспечыць стабільнасць у беларускіх папраўчых установах. І, маўляў, асуджэнне па гэтым артыкуле – пакаранне не за мінулае злачынства, а за тое, што асуджаны не становіцца на шлях выпраўленне і дэзарганізуе работу ўстановы.

РР: У іншых краінах такая норма таксама прысутнічае?

Міхаіл Пастухоў: Я ведаю, што аналагічны артыкул ёсць у заканадаўстве Казахстана і ва Украіне. Але ў той жа Украіне, наколькі вядома, артыкул не ўжываўся і не ўжываецца. Там змянілі змест артыкула, пакінулі толькі “кваліфікуючыя прыкметы”, а ў нас усё засталося ў нязменным выглядзе з 80-х гадоў. Тады артыкул зрабілі ў сваёй большасці для крымінальных аўтарытэтаў, а таксама для асуджаных, якіх, што называецца, трэба было размазаць па сценцы. Але якія зараз крымінальныя аўтарытэты ў Беларусі? Праўда, артыкул не адмянілі, а знайшлі яму добрае прымяненне ў адносінах да палітвязняў. Праз гэты артыкул прайшлі Зміцер Дашкевіч, Мікалай Дзядок, хацелі яго ўжыць да Мікалая Аўтуховіча, але той пайшоў на крайнія меры – ускрыў сабе жывот. А зараз чакае суд па 411-м артыкуле Андрэя Бандарэнку і нават Міхаіл Жамчужны з цягам часу можа пад яго патрапіць.

Увогуле, я лічу, што гэта неканстытуцыйная норма, якая фактычна ўстанаўлівае двайное пакаранне за адно і тое ж. Гэта проста сродак, каб пакараць таго асуджанага, які не падабаецца ўладзе альбо да якога ёсць прэтэнзіі з боку адміністрацыі папраўчай установы. Гэта – дыскрымінацыя адносін і парушэння прынцыпу гуманізма. Таму артыкул абавязаны быць выключаны з Крымінальнага кодэкса, як адзін з самых ганебных.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя