Чаму звальняюцца міліцыянты?



Праваабаронца і былы супрацоўнік праваахоўных органаў Алег Волчак распавядае, чаму праца работнікаў міліцыі абясцэньваецца.

Не так даўно СМІ распавялі аб праблеме, якая ўзнікла ў Барысаўскім РУУС, дзе за месяц заяву на звальненне напісалі 5 чалавек. Яны распавялі, што звольніцца іх прымусіла бумажная валакіта і паказчыкі, якія патрабавала выконваць кіраўніцтва.

Алег Волчак: Найперш трэба сказаць, што гэта не начальнік райаддзела вырашае, як трэба праводзіць палітыку сілавой структуры. Зверху прыходзіць указанне забяспечваць паказчыкі, а гэта робіццца старым метадам – “палачнай” сістэмай. Мы, праваабаронцы, пастаянна кажам, што ад гэтай сістэмы трэбы адыходзіць, але ж нічога не змяняецца. Міліцыянты павінны забяспечваць паказчыкі праз пэўную колькасць людзей, якія прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і гэдак далей. Калі не атрымліваецца, значыцца супрацоўнік міліцыі павінен працаваць і ў вольны час. Натуральна, складваецца канфліктная сітуацыя, і гісторыя ў Барысаве – гэта толькі маленькая частка агульнай сістэмы. А закладнікі тут – шэраговыя міліцыянеры. У іх жа нават няма сваіх прафсаюзаў, якія б маглі дапамагчы адстойваць правы работнікаў. Таму міліцыянеры застаюцца сам насам са сваімі праблемамі. Дарэчы, па некаторай інфармацыі, у рэгіёнах і так 30-40 адсоткаў недахоп участковых міліцыянтаў. Здаецца, трэба трымацца за кожнага работніка, але, як бачым, сістэма працуе па сваіх старых законах. Калі так і далей пойдзе, то хутка у РУУС застануцца працаваць начальнікі і іх намеснікі.

РР: А чаму вышэйшае міліцэйскае кіраўніцтва не прыслухоўваецца да тых праблем, якія падымаюць нізы?

Алег Волчак: Таму што ў такім выпадку трэба будзе ламаць усю сістэму МУС, а гэта ніхто не хоча рабіць. Прасцей звольніць чалавека – і ўсё. Няма чалавека – няма праблемы. Я ўжо не раз казаў, што патрэбна рэформа МУС.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя