Чаму звольніўся намеснік начальніка віцебскага ІЧУ Сяргей Каўрыга



28 жніўня  маёр міліцыі  Сяргей Каўрыга  размясціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку фотаздымак міліцэйскага  пасведчання  з каментаром: “Служить бы рад, прислуживаться тошно. Честь имею!”

Праз некалькі дзён ён вырашыў распавесці журналістам пра прычыны свайго звальнення.  Былы міліцыянт патлумачыў, што спачатку са здзіўленнем, а потым з абурэннем сачыў за падзеямі ў Менску, калі сілавікі гвалтам затрымлівалі і збівалі грамадзян. А апошняй кропляй стала сустрэча ў віцебскім ІЧУ са сваім колішнім камандзірам- палкоўнікам у адстаўцы Сяргеем Міхасёвым – прыхільнікам Віктара Бабарыкі, затрыманым за ўдзел у несанкцыянаваных пратэстах, кажа Сяргей Каўрыга:

– Паважаны чалавек, юрыст. І калі я бачу яго ў ІЧУ, у мяне пачуццё, як кажуць, кагнітыўнага дысанансу. Мы, юрысты, ахоўнікі правапарадку, павінны кіравацца нормамі права і выконваць іх. Таму цяпер вельмі цяжка глядзець на тое, што адбываецца ў Менску, дый у Віцебску… Мне да сканчэння кантракта засталося 5 месяцаў, але больш служыць я ўжо не магу.

Сяргей Каўрыга кажа, што сышоў са службы свядома: проста перастаў выходзіць на працу, папярэдзіўшы пра гэта кіраўніцтва ІЧУ. Таму афіцыйная прычына звальнення – прагулы, тлумачыць былы намеснік начальніка віцебскага ІЧУ. Яму давядзецца вярнуць грошы, якія ён атрымаў па заключэнні кантракту, на сённяшні дзень гэта больш за 4 тысячы рублёў.  

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск