Чарговае затрыманне за хабар



Супрацоўнікі па барацьбе з аргзлачыннасцю і карупцыяй МУС затрымалі на месцы злачынства пасля атрымання хабару ў службовым кабінеце намесніка дырэктара — начальніка дзяржінспекцыі па каранціне раслін Гомельскай абласной дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін, паведаміла прэс-служба МУС.

„Устаноўлена, што кіраўнік неаднаразова атрымліваў незаконныя ўзнагароджанні за выпіску фітасанітарных сертыфікатаў і актаў каранціннага кантролю (нагляду) на сельгаспрадукцыю, якая экспартуецца”, — гаворыцца ў паведамленні.

„Гаворка ідзе пра падрыхтоўку і выдачу прадстаўніку камерцыйнай структуры афіцыйных дакументаў, якія забяспечваюць бесперашкодныя пастаўкі айчыннай плодаагародніннай прадукцыі ў іншыя краіны без выканання ўстаноўленых патрабаванняў, правядзення агляду і экспертызы тавару”, — паведамілі ў 8-м упраўленні (па Гомельскай вобласці) галоўнага ўпраўлення па барацьбе з аргзлачыннасцю і карупцыяй МУС.

Аператыўнікам вядома пра некалькі эпізодаў злачыннай дзейнасці 38-гадовага падазронага, за якія ён атрымліваў хабар ад 15 рублёў да 100 долараў. Сумы залежалі ад тэрмінаў атрымання адпаведных сертыфікатаў і актаў, а таксама аб’ёмаў экспартаванай прадукцыі.

Мужчыну ўзялі пад варту, у дачыненні да яго распачатая крымінальная справа па ч. 1 арт. 430 КК (атрыманне хабару). Зараз працягваюцца аператыўна-следчыя мерапрыемствы, накіраваныя на ўсталяванне аналагічных эпізодаў злачыннай дзейнасці.

belapan.by