Чарговага незалежнага журналіста выклікаюць у міліцыю



Журналісту-фрылансеру Яўгену Скрабцу з Берасця патэлефанавалі з Лунінецкага РАУС і запрасілі на размову па заведзенай супраць яго адміністрацыйнай справе.

Яна датычыць з’яўлення матэрыяла на сайце замежнага СМІ, якое не мае акрэдытацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, распавядае Яўген Скрабец:

– Вядзецца адміністрацыйны працэс, назвалі тую ж самую прычыну. У замежным СМІ выйшаў матэрыял, які быў зроблены без акрэдытацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Пыталі ці магу я пад’ехаць, я сказаў, што не маю на гэта часу, каб дасылалі позву.  

Фрылансер Яўген Скрабец лічыць, што такі ціск на яго з боку праваахоўных органаў праходзіць у рамках агульнанацыянальнай кампаніі супраць незалежных журналістаў:

– Гэта звязана з ціскам на журналістаў-фрылансераў, якія працуюць зараз па ўсёй краіне. Іх матэрыялы выходзяць у замежных СМІ, якія не могуць атрымаць акрэдытацыю. Нават на падставе непалітычных матэрыялаў нібыта па закону прыцягваюць журналістаў.  

Матэрыял, за размяшчэнне якога ў замежных СМІ на журналіста Яўгена Скрабца вядзецца адміністрацыйны працэс, датычыць інтэрв’ю з так званым „морквавым каралём”.

Беларускае Радыё Рацыя