Чарговага ўдзельніка пратэстаў экстрадуюць з Расеі ў Беларусь



Затрыманага ў Расеі беларускага грамадзяніна Дзмітрыя Падлобнікава вывезлі з СІЗА ў Каломне, паведамляе Дойчэ Вэлле. Паводле дадзеных абароны, удзельніка леташніх пратэстаў экстрадуюць у Беларусь. Падлобнікава абвінавачваюць у грубым парушэнні парадку і гвалце ў дачыненні да міліцыянта. Яму пагражае на радзіме да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Падлобнікаву 25 гадоў. Летсь у жніўні ён удзельнічаў у мірных пратэстах ў Жлобіне, быў затрыманы, правёў трое сутак за кратамі. Пасля выехаў на працу ў Расею, дзе ў траўні яго затрымалі. Беларусь дамагалася яго экстрадыцыі. З таго часу знаходзіўся за кратамі.

Падлобнікаў некалькі разоў звяртаўся ў расейскія праваахоўныя органы з просьбай не дапусціць экстрадыцыі — чакаў, што ў Беларусі яго чакаюць катаванні.

Напярэдадні прадстаўнікі расейскіх праваабарончых арганізацый напісалі на імя генпракурора і кіраўніка ўраду Расеі „зварот аб недапушчэнні экстрадыцыі” Дзмітрыя Падлобнікава.