Чарговая адмова ў акрэдытацыі



Пісьмовую адмову ў акрэдытацыі ў якасці карэспандэнта Беларускага Радыё Рацыя атрымаў Віктар Парфёненка. Гэта сёмая заяўка, якую не задаволіла камісія, якая прымае рашэнні па акрэдытацыі.

Прычына адмовы хаваецца, на думку журналіста, у тым, што Міністэрства замежных спраў Беларусі спасылаецца ў такім вердыкце не на закон, а на ўласнае “палажэнне”. Чаму яму адмовілі ў акрэдытацыі паводле пунктаў 10 і 15.4, Віктар Парфёненка тлумачыць так:

– Згаданыя пункты ў адмове Міністэрства замежных спраў ў неакрэдытацыі ніяк не высвятляюць у чым мая віна, як грамадзяніна Беларусі, які збіраецца падаваць на акрэдытацыю. Больш за тое, я не бачу іншага выйсця, акрамя як падаваць у суд на адпаведныя органы ўлады, каб забяспечваць сваё права на прафесію.

Паводле 10-га пункту згаданага закону, пералічаны шэраг прычын, якія ёсць падставай ў адмове ў акрэдытацыі. Сярод іх – праца без акрэдытацыйнай карткі. Але прэсавая служба МЗС ніяк не даводзіць журналісту ягоныя нібыта “парушэнні” палажэння пра акрэдытацыю СМІ. У гэтым годзе журналіст ужо двойчы спрабаваў атрымаць акрэдытацыю, пісаў скаргі, але пакуль безвынікова.

Беларускае Радыё Рацыя