Чарговы суткавы антырэкорд новых выпадкаў COVID-19 — 1.774



 За апошнія суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.774 новыя выпадкі COVID-19, што з’яўляецца рэкордным прыростам з пачатку эпідэміі каронавіруса ў Беларусі.

За суткі памерлі дзевяць чалавек, паведамляе Міністэрства аховы здароўя — гэта таксама рэкорд па колькасці смерцяў за суткі. Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруса ў Беларусі дасягнула 143.383, памерлі 1.190 чалавек.

3 снежня афіцыйна быў зарэгістраваны 1.701 новы выпадак інфіцыравання і сем смерцяў.

Міністэрства адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 паправіўся і быў выпісаны 120.571 пацыент (1.647 за апошнія суткі).

Праведзена 3.367.889 тэстаў на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 32.101.

4 снежня ў Віцебску на пасяджэнні абласнога штаба па пытаннях процідзеяння каронавіруснай інфекцыі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сітуацыя з каронавірусам у Беларусі няпростая, але яна пад кантролем. Паводле яго слоў, у лячэнні людзей ад каронавіруса самы галоўны паказчык — гэта смяротнасць. „У Віцебскай вобласці, якая ў нас сёння не лепшая, за суткі памерла два, за мінулыя — нуль. Запытанне будзе найперш за захаванасць жыцця. Я хачу, каб усе пачулі: галоўнае — захаваць жыццё чалавеку. Усё астатняе другараднае: хопіць СІЗаў, не хопіць, будуць лекі, не будуць. Без лекаў выратавалі чалавека — дзякуй. З лекамі выратавалі — таксама вам дзякуй. Але загінуў чалавек — за кожнага адкажаце. Вось што самае галоўнае — захаваць жыццё чалавека”, — сказаў Лукашэнка.

belapan.by