Чарговы смяротны прысуд абвешчаны ў Беларусі
Чарговы смяротны прысуд вынесены ў Беларусі. 39-гадовы жыхар Мазыра Кірыл Казачак прызнаны вінаватым у забойстве ўласных дзяцей і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання.
Прысуд абвешчаны 28 снежня на выязным пасяджэнні Гомельскага абласнога суда ў Мазыры. Судовыя слуханні праходзілі ў закрытым рэжыме.
Забойства 9-гадовай Кіры і 17-гадовага Улада здарылася 31 студзеня 2016 года. Паводле падазрэння ў забойстве быў затрыманы іх бацька, які сам паведаміў у міліцыю пра злачынства.
Пасля забойства Кірыл Казачак прыехаў на здымную кватэру жонкі, дзе яна жыла са старэйшым сынам і сужыцелем, і расказаў ёй аб зробленым. Патэлефанаваў у міліцыю і скінуўся з балкона чацвёртага паверха, але застаўся жывы. Доўгі час абвінавачаны правёў у бальніцы — у яго былі пашкоджанні пазваночніка і ног. Канцэнтрацыя спірту ў крыві мужчыны ў той вечар склала 2,36 праміле.
Паводле звестак экспертызы, абвінавачаны ў момант злачынства мог у поўнай ступені ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі.
Згодна з данымі следства, жыхар Мазыра здзейсніў злачынства з пачуцця помсты сваёй жонцы, выкліканага яе намерам скасаваць з ім паўторны шлюб (раней яны ўжо скасавалі шлюб, а затым паўторна яго заключылі) і жыць асобна. У кастрычніку 2015 года жанчына падала дакументы на скасаванне шлюбу, на момант здзяйснення злачынства пара знаходзілася ў працэсе скасавання шлюбу.
Адвакат паведаміў, што яго падабаронны мае намер абскардзіць прысуд.
Гэта ўжо пяты смяротны прысуд з тых, што былі вынесеныя, а таксама набылі моц у Беларусі ў 2016 годзе. За апошнія 20 гадоў у краіне было пакарана смерцю больш за 400 чалавек. Толькі адзін з асуджаных да смяротнага пакарання быў памілаваны кіраўніком дзяржавы.
Беларусь — адзіная ў Еўропе краіна, дзе дагэтуль прымяняюць смяротнае пакаранне. Міжнародная супольнасць — Савет Еўропы, Еўрасаюз, АБСЕ, праваабарончыя арганізацыі — неаднаразова заклікалі ўлады Беларусі ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне з далейшай яго адменай.
13 снежня гэтага года ў Мінску прайшла канферэнцыя „Адмена смяротнага пакарання і грамадская думка”, арганізаваная пры ўдзеле Савета Еўропы. Выступаючы на ёй, намеснік міністра замежных спраў Яўген Шастакоў заявіў, што колькасць прыхільнікаў адмены смяротнага пакарання ў Беларусі за апошнія гады вырасла, але не дасягнула большасці. Кіраўнік парламенцкай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Андрэй Навумовіч паведаміў, што ў Палаце прадстаўнікоў новага склікання створаная рабочая група па праблематыцы смяротнай кары.