Чарговы з’езд БКДП пройдзе ў Менску 2 снежня



Дзясяты справаздачна-выбарны з’езд Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) пройдзе 2 снежня ў Менску, паведаміў БелаПАН старшыня БКДП Аляксандр Ярашук.

Паводле яго слоў, асноўным пытаннем на з’ездзе будуць выбары кіраўніцтва асацыяцыі. Пры гэтым Ярашук, які ўзначальвае БКДП з 2002 года, не ўдакладніў, ці плануе зноў выстаўляць сваю кандыдатуру.

З’езд БКДП, згодна са статутам арганізацыі, склікаецца раз у тры гады. У працы з’езда плануюць прыняць удзел каля 70 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны. На мерапрыемства таксама запрошаны некалькі дзясяткаў замежных гасцей.

Папярэдні з’езд арганізацыі прайшоў у снежні 2014 года. У яго выніковай рэзалюцыі дэлегаты запатрабавалі ад уладаў прадухіліць пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне.

Асацыяцыя прафсаюзаў „Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў” аб’ядноўвае Беларускі незалежны прафсаюз (БНП), Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ), Свабодны прафсаюз металістаў (СПМ) і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).

belapan.by