Чарговыя затрыманні студэнтаў у Менску



Стала вядома, што 20 снежня быў затрыманы студэнт юрфака БДУ Ілля Сіўцоў. Хлопца выклікалі на факультэт для таго, каб напісаць тлумачальную, але дахаты ён так і не вярнуўся. Зараз Ілля чакае суд на Акрэсціна. 

„Нашай Ніве” таксама стала вядома пра ранейшыя затрыманні студэнтаў у сераду, 15 снежня. Так, 20-гадовага студэнта Інстытута бізнэсу БДУ Данілы Дарафеева. У «пакаянным відэа», якое апублікавалі праўладныя каналы, студэнт кажа, што стаяў у счэпках і ўдзельнічаў у галасаванні за план «Перамога». Наколькі вядома, справу завялі па 342 артыкуле. «Цяпер ён на Акрэсціна, на гэтым тыдні перавядуць на Валадарку. Трымаецца бадзёра. Адвакат сказаў, што ад двух да чатырох месяцаў усё адно будзе сядзець да суда», — тлумачаць сітуацыю родныя.

Таксама паведамляецца пра затрыманне за мінулагодні марш студэнтаў 22-гадовага Канстанціна Шульгі. Ён скончыў менскі кулінарны каледж, працаваў і граў у аматарскім тэатры. У праўладных каналах напісалі, што хлопец перакрываў дарогі і блакаваў рух транспарту. У «пакаянным відэа» Канстанцін кажа, што быў падпісаны на экстрэмісцкія каналы, скідваў відэа. Па словах маці, сына будуць пераводзіць на Валадарку. Раней па пратэсных артыкулах хлопца не судзілі.

spring96.org