Чатыры гады калоніі для палітвязня Арцёма Саўчука



Такі прысуд вынесла суддзя суда Фрунзенскага раёна горада Менска Юлія Блізнюк.

Звінавацілі Арцёма за тое, што 10 жніўня 2020 года каля станцыі метро Пушкінскай ён пацягнуў каляскі, якія стаялі каля гандлёвага цэнтра “Тивали”, у бок праезнай часткі. Такія дзеянні былі расцэненыя як “удзел у масавых беспарадках” (частка 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса).

Следства над Арцёмам Саўчуком было суб’ектыўным — адзначае менчук Максім, які быў слухачом на яго судовым працэсе:

– Гэта для мяне дзіка, што гранаты, якія ўзрываліся, выстралы, якія гучалі, чалавек павінен быў успрымаць як законнае патрабаванне супрацоўнікаў міліцыі разысціся. Я не разумею, як можа кідаць брат-беларус у брата-беларуса гранату. І гэта будзе патрабаваннем разысціся. Я не разумею як брат-беларус можа страляць у брата-беларуса і гэта будзе патрабаванне разысціся. Страляць у мірных людзей.

10 жніўня на Пушкінскай быў забіты Аляксандр Тарайкоўскі, а Георгію Сайкоўскаму адарвала светашумавой гранатай частку ступні. Тым не менш на лаве падсудных па падзеях 10 жніўня апынуўся Арцём Саўчук. Ён стала жыве ў Польшчы і працуе там праграмістам, а ў жніўні прыехаў, каб адведаць сваіх сваякоў.

ГЦ „Тивали” і праездная частка паміж станцыямі метро „Пушкінская” і „Спартыўная”.

Беларускае Радыё Рацыя