Чыкага, Бостан і Вашынгтон спявалі „Пагоню”



Працягваюцца гастролі беларускай спявачкі і музыкі Таццяны Грыневіч па гарадах ЗША. Таццяна сустрэлася з беларусамі Чыкага, Бостана і Вашынгтона. Для яе прыезду беларусы ЗША наладзілі тры пікнікі.

У Чыкага Таццяна Грыневіч разам з Сяржуком Доўгушавым заспявалі дуэтам „Не шукай ты мяне…” і “Пагоню”, а разам з усімі беларусамі – „Купалінку” і „Тры чарапахі”, наладзілі гульні „Цяцерка”, „Явар”, і беларускія народныя танцы. Беларусы Бостана сабраліся на дранік-пікнік. Яны з захапленнем слухалі песні Таццяны Грыневіч, аповяды пра пратэсты 2020 года, спявалі, таньчылі ўсе разам. Як заўжды, сярод прысутных аказаўся і музыка, які далучыўся з гітарай да агульнага выканання пратэстных песень і, вядома ж, “Пагоні”.

Пікнік у Вашынгтоне распачаўся „Купалінкай”, яе выканала на скрыпцы дзесяцігадовая беларусачка Маша, а пасля гучным хорам падхапілі ўсе прысутныя беларусы. Песні ў выкананні Таццяны Грыневіч чаргаваліся з віктарынамі, конкурсамі ад арганізатараў, а дзеткі з вялікім задавальненнем слухалі дзіцячыя песні „Кура шчабятура” і „Ладу-ладу-ладкі”, а пасля, скінуўшы абутак, на зялёнай траўцы, таньчылі ўсе ад душы.

Па словах Таццяны Грыневіч, “такія сустрэчы яднаюць беларусаў Амерыкі. Яны – як глыток беларускага паветра, дзе загучалі родная мова і беларускія песні. Таму падчас маёй сустрэчы з беларусамі – кожны прысутны нібы патрапіў у Беларусь на гэты кароткі час.

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара

[manual_related_posts]