Чым адметны 2016 год для Гарадзеншчыны?
Нацыянальна-грамадскае жыццё Гарадзеншчыны за мінаючы год праходзіла ў рэжыме рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў. Верасьнёвы пікет у падтрымку сем’яў зніклых палітыкаў, які ўпершыню за апошнія дзесяць гадоў прайшоў у Гародні, цяпер негатыўна адбіваецца на сям’і Сяргея Верамеенкі.
Нягледзячы на тое, што грамадскі актывіст, які быў аштрафаваны за ўдзел у пікеце яшчэ аспрэчвае рашэнне суда, да яго завітаў судовы выканаўца:
– Я яму забараніў апісваць маёмасць і знаходзіцца ў маёй кватэры. І папрасіў яго пакінуць яе. У адказ ён выклікаў міліцыю.
Азмрочаны 2016 год смерцю выдатных беларусаў Аляся Белакоза і Івана Шэгі.
На фота: Алесь Белакоз
Гаворыць прафесар Алесь Астроўскі:
– Ёсць людзі, якія маюць такую рысу як высокая маральнасць, высокая этычнасць, высокаахвярнасць у выглядзе імкнення служыць свайму народу. Вось да такіх людзей належалі Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Алесь Белакоз.
Прфесар Аляксей Пяткевіч:
– Алесь Белакоз быў вялікім беларусам. Безумоўна, ён пражыў жыццё, якое можна назваць падвіжніцкім. Ён не займаў высокіх пасад, і жыццё пражыў у вёсцы, але ён усё сваё жыццё рабіў справу нацыянальнага адраджэння. Ён стварыў унікальны музей. Гэта справа ягонага жыцця. Ён усімі сваімі крокамі паказваў, што трэба быць чалавекам, трэба трымацца свайго, і тады цябе будуць шанаваць.
На фота: Іван Шэга
Сяргей Чыгрын, краязнаўца і літаратар са Слоніма:
– Самай вялікай стратай адыходзячага года ў Слоніме стала страта Івана Шэгі – аднаго з лідараў беларускай апазіцыі. Ён быў выдатным чалавекам, выдатным доктарам і арганізатарам, які стварыў кансультатыўную ўстанову “ШэгаМедКансульт”. Ён пражыў ўсяго 63 гады.
Вялікія штрафы атрымалі ўдзельнікі ўшанавання памяці паўстанцаў 1863 года ў Свіслачы.
Да адказнасці прыцягнулі не толькі ўдзельнікаў. Напрыклад, грамадскага актывіста з Мастоў Васіля Клімовіча не было ў Свіслачы ў той дзень, але яго ўсё адно аштрафавалі на дзевяць базавых адзінак.
– Зараз у краіне такая эканамічная сітуацыя, што патрэбныя грошы. І любая капейка, якая падае ў казну, дае магчымасць працягнуць жыццё гэтаму рэжыму. У Беларусі няма суда, каб ён быў, у мяне была б нейкая магчымасць сябе апраўдаць.
Праваабаронца Уладзімір Хільмановіч:
– Па дзесяці разгледжаных пратаколах 244 базавыя адзінкі павінны заплаціць у дзяржаўную казну грамадскія актывісты. І гэта не фініш. Такім чынам, мы маем справу з дзяржаўным рэкетам, я б так гэта назваў, у справе пераследу грамадскіх актывістаў.
Нагадаем, што гэтае памінальнае мерапрыемства традыцыйна праходзіць напярэдадні Дзядоў у Свіслачы і носіць нефармальную назву „Свіслацкі фэст”. Усяго прысуджана адміністрацыйных штрафаў на суму 279 базавых адзінак на людзей, якія прыйшлі пакланіцца памяці Паўстанцаў 1863 года.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота: Беларускае Радыё Рацыя і varandej.livejournal.com