Чым упрыгожваюць Віцебск за бюджэтны кошт



У абласным цэнтры з’явілася новая фішка – скульптуры са “штучнага газону”. Фігурныя выявы на каркаснай аснове, абцягнутыя пластыкавай “зелянінай”, у Віцебску гучна называюць “тапіарам”. Хаця “тапіар” – гэта мастацтва дэкаратыўнай стрыжкі жывых кустарнікавых раслін, а не  штучныя вырабы. 

Каля гандлёвага цэнтру “Беларусь” ужо з’явіліся зялёныя львы, на Маскоўскім праспекце – зялёны дэльфін, непадалёк ад вакзалу – літары БЧ і сімволіка беларускай чыгункі, такога ж ненатуральна зялёнага колеру. Увогуле плануецца ўсталяваць больш за дзесяць падобных фігур за сродкі гарадскога бюджэту. Увага, падаткаплатнікі!  Каштуе такая інсталяцыя ад 1,5 да 2,5 тысяч беларускіх рублёў. Паводле афіцыйнай версіі, упрыгожыць горад такім чынам прапанаваў віцебскі прадпрымальнік, прозвішча якога не называюць. Упершыню скульптуры са “штучнага газону” былі прадэманстраваны на сёлетнім  інвестыцыйным форуме, іх рэкламавала віцебская кампанія “Grass”.

Дзесяць год таму ў абласным цэнтры ўжо адбывалася падобная гісторыя: за кошт гарадскога бюджэту Віцебск “засыпалі” бетоннымі яблыкамі і грушамі,  закупіўшы “садавіну” у невядомага прадпрымальніка.

Меркавання гараджан, ці варта выдаткоўваць сродкі  на такую прыгажосць, ніхто не пытаўся. Зрэшты, ніхто не пытаецца і цяпер – ні пра вырабы  са “штучнага газону”, ні пра драўляныя скульптуры ў  мікрараёне Білева, ні пра металічныя канструкцыі невядомага прызначэння ўздоўж Маскоўскага праспекту  – самай “упрыгожанай”  гарадской магістралі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск