Чым займаецца “ТаймАкт”?



Кіраўнік сацыяльна-інфармацыйнай установы “ТаймАкт” Васіль Завадскі распавёў, якім чынам іх арганізацыя “працуе” з былымі супрацоўнікамі Дэпартамента выканання пакаранняў.

Нагадаем, што ў лютым гэтага году было аб’яўлена аб стварэнні ў Беларусі сацыяльна-інфармацыйнай установы “ТаймАкт”, “асноўнай задачай якой будзе праваабарончая дзейнасць, і ў прыватнасці – абарона правоў зняволеных”. Установа была афіцыйна зарэгістравана ў Менскім гарвыканкаме. Узаначаліў арганізацыю былы начальнік медыцынскай службы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі Васіль Завадскі.

Васіль Завадскі: Увогуле, апошнім часам “ТаймАкт” актыўна займаўся справай гімназіста Даната Скакуна, але, безумоўна, працуем і ў іншых накірунках. У прыватнасці, правялі гутаркі з былымі супрацоўнікамі Дэпартамента выканання пакаранняў. А 28 верасня праводзім “круглы стол”, дзе сярод іншых тэм будзе і такая – “Праца ў месцах пазбаўлення волі”. Адна справа, калі атрымліваеш інфармацыю ад зняволеных і зусім іншае, калі чуеш меркаванне, хаця і былых, але ж спецыялістаў. А ўвогуле, гэтае даследванне ладзіць польская даследчая сетка CASE.

РР: Ці звяртаюцца ў “ТаймАкт” за юрыдычнай дапамогай?

Васіль Завадскі: Амаль 100 адсоткаў тых, хто звяртаецца, просяць юрыдычнай дапамогі, але, на жаль, мы не маем сталай магчымасці ўсім дапамагчы. Нейкія кансультацыі, безумоўна, аказваем, але гэта не стабільная практыка.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя