Чыноўнікі Баранавічаў спрыяюць распаўсюду «георгіеўскіх» стужак у горадзе
У Баранавічах гандляр роварамі прыцягвае ўвагу да свайго тавару праз так званыя георгіеўскія стужкі. У мінулым годзе абласны каардынар руху “За свабоду” Юрый Казакевіч прапанаваў яму рулон стужак з нацыянальным арнаментам. Гандляр з задавальненнем пагадзіўся і замяніў стужкі, пакуль не ўбачылі мясцовыя чыноўнікі. Тады аранжава-чорныя стужкі, якія сталі негатыўным сімвалам агрэсіі Расеі супраць Украіны, вярнуліся на месца.
Пра сітуацыю апавядае Юрый Казакевіч:
— Уласнік крамы з вялікай радасцю, вельмі ахвотна пайшоў мне насустрач і адразу ж пры мне ўсе стужкі былі замененыя на нашы. Але літаральна на наступны дзень нехта з прыўладных патлумачыў яму, то выкарыстанне ў Беларусі беларускай сімволікі з’яўляецца парушэннем закона і калі чалавек хоча спакойна працягваць далей весці свой бізнес, дык яму нельга выкарыстоўваць на сваёй прадукцыі беларускія арнаментальныя стужкі.
Паводле Юрыя Казакевіча, сёлета ў Баранавічах стала значна менш гэтых стужак. Людзі пачалі больш разумець, што гэтая стужка не мае нічога супольнага з беларускім патрыятызмам. Але гэтае разуменне тармозяць прадстаўнікі баранавіцкай улады.
Беларускае Радыё Рацыя