Чыноўніца прайграла суд супраць гомельскага журналіста-фрылансера



Кіраўнік спраў Акцябрскага райвыканкама Валянціна Шлапакова прайграла суд супраць гомельскага журналіста-фрылансера Канстанціна Жукоўскага.

Разгляд адміністрацыйнага пратакола, складзенага работнікамі Акцябрскага РАУС у дачыненні да гомельскага журналіста, прайшоў 19 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля. Пратакол па артыкуле 9.3 КоАП (абраза) быў складзены па выніках праверкі заявы Шлапаковай у міліцыю. Чыноўніца сцвярджала, што фрылансер абразіў яе, назваўшы яе „рабом”. У пратаколе міліцыі гаварылася, што 14 снежня Канстанцін Жукоўскі, знаходзячыся на цэнтральнай плошчы Акцябрскага, „у ходзе дыялогу” выказваў у адрас Валянціны Шлапаковай „рознага роду абразы, чым наўмысна зняважыў гонар і годнасць апошняй у непрыстойнай форме”.

На судзе пад старшынствам Алесі Осіпавай фрылансер указаў, што сапраўды 14 снежня ён быў у Акцябрскім, дзе здымаў відэа пра тое, што ў крызіс чыноўнікі райвыканкама купляюць сабе новыя аўтамабілі. Да яго падышла кіраўнік спраў, якая, паводле слоў журналіста, не назвалася, пачала патрабаваць у яго акрэдытацыю і забараняла здымаць відэа, хапала за камеру, закрывала яе рукамі.

Жукоўскі, паводле яго слоў, у ходзе інцыдэнту выказаўся, што чыноўнік — гэта раб, слуга народа. „Прэзідэнт Расеі гаварыў, што ён працуе, як раб на галерах, у царкве людзей называюць рабамі Божымі, чыноўнік — слуга народа, гэта значыць раб, нічога абразлівага ў гэтым няма. І ў службовыя абавязкі чыноўніцы райвыканкама не ўваходзіць патрабаваць дакументы ў грамадзян на вуліцы і забараняць здымкі. Па сутнасці, чыноўніца перавышала свае абавязкі і чаплялася да мяне на вуліцы, што з’яўляецца адміністрацыйным парушэннем. Яна замінала мне працаваць, каб я мог зарабіць грошы, выплаціць падаткі, каб утрымліваць чыноўнікаў”, — заявіў у судзе журналіст.

Шлапакова ў сваю чаргу сцвярджала, што не забараняла здымаць відэа, а падышла з мэтай даведацца — ці не магла б яна аказаць садзейнічанне ў здымках. Слова „раб” яна палічыла абразай, бо яно было выказана ў агрэсіўнай форме. „Усе мы цудоўна ведаем, і так гістарычна склалася, што раб — гэта чалавек, які меў на лбе гэтае слова”, — дадала кіраўнік спраў. Яна таксама пакрыўдзілася, што Жукоўскі, паказваючы на будынак выканкама, сказаў, што ў гэтым будынку працуюць або працавалі „крымінальнікі”. Ён меў на ўвазе былога старшыню райвыканкама, які раней быў затрыманы па падазрэнні ў карупцыйных злачынствах.

У выніку суддзя вынесла рашэнне спыніць адміністрацыйную справу ў сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях Жукоўскага складу правапарушэння, паколькі слова „раб” не з’яўляецца абразай, а слова „крымінальнікі” не было адрасавана канкрэтнай асобе.

Чыноўнікі, якія па сваёй сутнасці слугі народа, сталі адчуваць сябе ў нашай краіне гаспадарамі, і народ для іх ніхто. Нават за касы позірк ужо людзей цягнуць у суд ці міліцыю. Апошнія падзеі ў краіне, такія, як указ аб „дармаедстве”, паказваюць, што чыноўнікі трымаюць людзей за рабоў і крыўдзяцца, калі ім нагадваюць, хто яны ёсць на самай справе. Я і далей буду расказваць чыноўнікам, што яны рабы, слугі народа, а не паны, і што яны не маюць права забараняць здымаць відэа і хапаць за камеру„, — пракаментаваў рашэнне суда фрылансер.

БелаПАН