COVID-19: агляд сусветнай прэсы



Пратэсты супраць прэм’ер-міністра Балгарыі. У Паўднёвай Афрыцы зноў забараняюць продаж алкаголю. Нямецкія цягнікі сталі больш пунктуальнымі.

Падрабязнасці даведаемся з агляду сусветнай прэсы ад Кастуся Багушэвіча:

– Тысячы людзей выйшлі на вуліцы сталіцы Сафіі і шэрагу іншых балгарскіх гарадоў, уключаючы Бургас, Варну і Плоўдзіў, у нядзелю, 12 ліпеня, патрабаваць адстаўкі ўрада прэм’ер-міністра кансерватара Бойкі Барысава, паведамляе Deutcshe Welle. Апазіцыйныя сацыялісты ў балгарскім парламенце ўжо ініцыявалі галасаванне за вотум недаверу прэм’ер-міністру Барысаву. Плануецца, што сам працэс адбудзецца 15 ліпеня. Лідар Балгарскай сацыялістычнай партыі Карнелія Нінава абвінаваціла Барысава і ягоную партыю „Грамадзяне за еўрапейскае развіццё Балгарыі” ў „мафіёзна-алігархічным” стылі кіравання. Дэманстрацыі пачаліся 9 ліпеня пасля ператрусаў у адміністрацыі прэзідэнта па расследаванні дзьвюх не звязаных паміж сабой спраў аб хабарніцтве і раскрыцці дзяржаўнай таямніцы. Камісар па барацьбе з карупцыяй і дарадца па пытаннях бяспекі прэзідэнта былі затрыманыя для допытаў. Прэзідэнт Румэн Радэў, даўні крытык урада Барысава, якога ён абвінавачвае ў сувязях з алігархамі, абвінаваціў прэм’ер-міністра ў ператрусах, і заклікаў міністраў сысці ў адстаўку, параўноўваючы ўрад з мафіяй. На вуліцы балгарскіх гарадоў выйшлі людзі ў падтрымку Радэва і супраць прэм’ера. У сваю чаргу Барысаў заявіў, што адкрыты да дыялогу і паважае права кожнага на пратэст. Ён заклікаў дэманстрантаў „быць асцярожнымі, каб не праліць ні кроплі крыві падчас мірнай акцыі пратэсту”, адзначыўшы, што рыторыка нянавісці „не прывядзе ні да чаго добрага”.

Цягнікі нямецкай чыгуначнай кампаніі Deutsche Bahn (DB) сталі значна больш пунктуальныя падчас эпідэміі каронавірусу. Пра гэта таксама паведамляе Deutsche Welle. У першай палове 2020 года ў сярэднім 83,5% цягнікоў міжгародняга злучэння прыбылі своечасова, паведамілі ў кампаніі. „Вядома, невялікая колькасць цягнікоў падчас крызісу таксама паспрыяла значнаму павелічэнню пунктуальнасці”, — сказалі ў Deutsche Bahn. Між тым, запаўняльнасць цягнікоў на міжгародніх маршрутах паступова аднаўляецца і складае каля 30 адсоткаў. У пэўныя перыяды крызісу, калі ў Нямеччыне былі жорсткія абмежаванні, колькасць пасажыраў скарацілася амаль на 90%. У той жа час кампанія запэўніла, што паляпшэнню пунктуальнасці цягнікоў міжнародніх зносін спрыяў таксама рамонт чыгункі і цягнікоў. У „Дойчэ Бан” адзначылі, што ў апошні раз іх цягнікі міжгародняга спалучэння былі настолькі ж пунктуальнымі ў першыя шэсць месяцаў года, як і ў 2008 годзе. Летась паказчык пунктуальнасці за аналагічны перыяд склаў 77,2%. У Нямеччыне цягнік лічыцца пунктуальным, калі ён прыбывае ў пункт прызначэння са спазненнем, не большым за 6 хвілін. У 2019 годзе краіна пагадзілася выдзеліць 86 мільярдаў еўра на рэалізацыю 10-гадовага плана па ўдасканаленні чыгуначнай сеткі. Цягнікі Deutsche Bahn часта крытыкуюць за спазненне. Самі ж людзі часта прыгадваюць сваю чыгунку, гаворачы, што яна безнадзейна зруйнавала стэрэатып аб пунктуальнасці немцаў.

Паўднёвая Афрыка вяртае забарону на алкаголь у крамах. Звязана гэта з каронавірусам, а таксама крыміналам. Па меры таго, як колькасць інфекцый у паўднёваафрыканскім грамадстве зноў пачынае нарастаць, прэзідэнт краіны абвясціў аб аднаўленні забароны на продаж і распаўсюджванне алкаголю. „Жыццёва важна, каб мы не абцяжарвалі паліклінікі і бальніцы людзьмі, якія атрымалі траўмы пасля спажывання алкаголю. Такіх траўмаў дакладна можна пазбегнуць”, – заявіў прэзідэнт Сірыль Рамафоса ў тэлезвароце з Прэторыі. У Паўднёвай Афрыцы назіраецца ўсплёск выпадкаў: больш за 264 000 заражаных і амаль 4000 смерцяў, паведамляецца ў панядзелкавай публікацыі New York Times.

„Цяпер існуюць відавочныя доказы таго, што аднаўленне продажу алкаголю прывяло да значнага ціску на лякарні, у тым ліку гэта траўмы  пасля дарожна-транспартных здарэнняў, учыненых у п’яным выглядзе, гвалту, а таксама разнастайных падзенняў, выкліканых алкаголем”, — сказаў Рамафоса. Урад таксама зноў вяртае каменданцкую гадзіну, яна будзе дзейнічаць з 21:00 па 4:00 раніцы. Калі 27 сакавіка кіраўніцтва Паўднёвай Афрыкі зачыніла школы, пляжы і паркі, яно таксама забараніла продаж алкаголю і цыгарэт. Дзякуючы гэтаму наведванне людзьмі месцаў неадкладнай дапамогі знізілася на 65 адсоткаў. Пра гэта афіцыйна напісана ў справаздачы Паўднёваафрыканскай рады па медыцынскіх даследаваннях. У найбуйнейшай дзяржаўнай лякарні Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, шпіталі Крыса Хані Барагванат у горадзе Савэта, выезды хуткай дапамогі ў красавіку зменшыліся да лічбы менш за сто на тыдзень, хаця ў сакавіку было 279 выездаў у сярэднім на тыдзень.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: BGNES

[manual_related_posts]