COVID-19: агляд замежнай прэсы



Рэжым каранціну напярэдадні Вялікадня пачынае напружваць пэўныя колы грамадства. Парушэнні працягваюцца ў розных краінах, а калі абмежаванні скончацца Сусветная арганізацыя здароўя пакуль сказаць не можа. Што ў пятніцу піша прэса свету пра каранавірус — у аглядзе Кастуся Багушэвіча.

 Злучаныя Штаты Амерыкі знаходзяцца ў лідарах па колькасці захворванняў. Пандэмія ахапіла ўсю краіну, а ў штаце Луізіяна назіраецца вялікі рост, адзін з найбольш імклівых. Ужо зафіксавана 17 тысяч хворых, 652 чалавекі памерлі. Аднак не ўсе лічаць захады ўладаў штату абавязковымі да выканання. Газета The Hill у пятніцу ранкам піша пра пастара пратэстанцкай царквы пяцідзясятнікаў Тоні Спэла. Ён быў арыштаваны 31 сакавіка за 6 парушэнняў правілаў бяспекі пры каранавірусе, ён збіраў людзей на службу ў царкве, пры тым, што ў штаце ўжо дзейнічала забарона мерапрыемстваў з больш чым 50 удзельнікамі. Шэф мясцовай паліцыі Роджэр Коркаран назваў паводзіны пастара неабдуманымі і неадказнымі. Неўзабаве арышт скончыўся, і пастар выйшаў на волю. Аднак прытрымлівацца часовых правілаў не стаў і цяпер. Наадварот, ён жорстка раскрытыкаваў улады штата, заявіўшы, што наведаць нядзельную службу ў ягонай царкве неабходна асабіста, ніякая трансляцыя яе не заменіць. У прыватнасці, выданне прыводзіць словы Хіла: „Калі б службы можна было наведваць анлайн, навошта тады Злучаныя Штаты трацяць мільярды даляраў на пабудову цэркваў?” Калі пастару заўважылі, што на ягоных службах могуць заразіцца каронавірусам новыя людзі, ён адказаў: „Для кожнага рупліўцы і сапраўднага чыстага верніка смерць выглядае прыязным сябрам. Сапраўдныя хрысціяне не мусяць думаць пра смерць. Яны маюць страх перад жыццём у страху”, цытуе Тоні Спэла The Hill.

Знакамітая ангельская газета The Times піша, што брытанцы, якія вымушаныя заставацца дома, хапаюць на анлайн-распродажах мангалы, дзіцячыя басейны і садовую мэблю. У цёплае надвор’е, якое абяцаюць у прагнозах на Вялікдзень, людзі не хочуць заставацца за зачыненымі дзвярыма і, прынамсі, паспрабуюць святкаваць на падворку. Напярэдадні продажы басейнаў на папулярным сайце Амазон выраслі на 4000 адсоткаў! Таксама велізарны ажыятаж назіраецца на шэзлонгі і парасоны. Для тых, хто ўсё ж застаецца ўнутры дома, папулярнымі былі галаваломкі, алоўкі для размалёўкі і кнігі пра тое, як выпякаць хлеб з закваскі, і па гэтых пунктах таксама велізарны рост продажаў за апошнія 24 гадзіны. Продаж рэчаў для ёгі вырас ўтрая, а попыт на шашлыкі ў чатыры разы вышэйшы, чым у мінулым годзе. Шэраг хоспісаў і цэркваў прапануюць адзначыць Вялікдзень у інтэрнэце, ладзячы анлайн-змаганні па бітках яек, а таксама іншыя святочныя падзеі, піша „Таймс”.

Нацыянальны інстытут здароўя ЗША пачаў набіраць удзельнікаў клінічных выпрабаванняў. Яны павінны спраўдзіць эфектыўнасць выкарыстання гідраксіхларахіна для лячэння хворых на каронавірус. Як піша са спасылкай на медыкаў „Голас Амерыкі”, вынікі будуць не раней за ліпень 2021 года. „Больш за 500 дарослых пацыентаў, якім быў пастаўлены дыягназ, у цяперашні час знаходзяцца ў бальніцах або аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі, многія чакаюць шпіталізацыі”, – гаворыцца ў паведамленні. У цяперашні час прэпарат выкарыстоўваецца для лячэння малярыі, чырвонай ваўчанкі і рэўматоіднага артрыту. Яго эфектыўнасць пры лячэнні каронавірусу не даказаная, пры тым што прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп актыўна прасоўвае гэтыя лекі ў сваіх прамовах.

Большасць загалоўкаў прэсы на тэму каронавірусу прагназавана занялі велікодныя святы падчас пандэміі. Ватыканскі апостальскі кіраўнік у Святой Зямлі П’ербатыста Піцабала заклікаў хрысціянскіх вернікаў да малітвы за людзей, якія пакутуюць ці паміраюць ад каронавірусу, паведамляюць каталіцкія рэсурсы. Базіліка Гроба Гасподняга ў Ерусаліме зачыненая для наведвальнікаў на працягу некалькіх тыдняў, але адкрылася сёння, у каталіцкую Вялікую пятніцу, каб правесці імшу для некалькіх прадстаўнікоў духавенства. У хрысціянскім наваколлі Старога горада дарогі апусцелі, на два тыдні зачыненыя рынкі і большасць крамаў. Усе культурныя аб’екты Ерусаліма зачыненыя, бо ўлады спрабуюць утаймаваць распаўсюд смяротнай хваробы. На дадзены момант больш за 10 тысяч чалавек хварэюць ва ўсім Ізраілі, а 93 ужо загінулі ад вірусу. На палестынскіх тэрыторыях 263 выпадкі, у асноўным на Заходнім беразе Іярдана, і 1 смерць. Жыхары Ерусаліма знаходзяцца ў каранціне і ім дазваляюць пакідаць свае дамы толькі ў экстраных выпадках, рэлігійныя абрады сюды не ўваходзяць. Хрысціянскія канфесіі «падзяляюць апеку» над базілікай Труны Гасподняй, але, як юдэйскія і мусульманскія канфесіі не здолеюць правесці маштабныя святы. Пасха, Вялікдзень і Рамадан прыпадаюць на гэты месяц. Але, да прыкладу, Велікодная Імша ў хрысціянаў будзе транслявацца толькі па тэлебачанні і ў сацыяльных сетках.

Тое самае, верагодна, чакае і юдэяў, і мусульманаў. Улады Ерусаліма не зменяць правілы карантыну падчас рэлігійных святаў. Тым больш што Ерусалім і Бнэй-Брак, два гарады з вялікім адсоткам рэлігійнага насельніцтва, знаходзяцца ў лідарах спісу па колькасці заражэнняў.

Агляд сусветнай прэсы прадставіў Кастусь Багушэвіч.

[manual_related_posts]