Cуд пастанавіў спагнаць 230 тыс. рублёў за зніклыя 47 тыс. бутэлек гарэлкі



4 студзеня суд Цэнтральнага раёна Гомеля вынес рашэнне па грамадзянскай справе — іску лікёра-гарэлачнага завода „Радамір” да сваіх былых работнікаў: загадчыцы складоў, кладаўшчыц і грузчыкаў.

Па справе праходзілі шэсць адказчыкаў. Згодна з дагаворам аб брыгаднай матэрыяльнай адказнасці, менавіта яны адказвалі за захаванасць маёмасці прадпрыемства. У лістападзе 2017 года пры інвентарызацыі выявілася нястача 47 тыс. бутэлек гарэлкі. Пачаўся разбор, які выліўся ў крымінальную справу і грамадзянскія іскі да работнікаў.

Шкода прадпрыемству склала 263 тыс. рублёў.

Суддзя Андрэй Цалуйка 4 студзеня вынес рашэнне адмовіць у задавальненні іску да былых кладаўшчыц і грузчыкаў. Кампенсаваць шкоду суд абавязаў толькі былую загадчыцу складоў. Суд налічыў 230 тыс. рублёў шкоды і 11 тыс. дзяржаўнай пошліны. Першапачатковая сума іску 263 тыс. рублёў зменшылася, паводле слоў суддзі, „з улікам матэрыяльнага становішча адказчыцы”.

Перыяд утварэння нястачы ўсталяваны не быў як пры крымінальным разглядзе, так і на пасяджэннях па грамадзянскай справе. Суд вырашыў лічыць нястачу з 2010 года — з моманту, калі адказчыца ўзначаліла склады.

Адказчыца не лічыць сябе вінаватай. „Калі б я выкрала столькі бутэлек гарэлкі, то не жыла б цяпер на здымнай кватэры і ўся ў крэдытах”, — заўважыла яна. Яна рада, што яе былыя падначаленыя не пацярпелі і не абавязаныя кампенсаваць шкоду. „Як бы я жыла з такіх грахом на душы, людзі наогул недатычныя”, — дадала адказчыца.

Яна ўжо прайшла праз крымінальны пераслед за „згубленую гарэлку”. Суд прызнаў яе і загадчыцу крамы вінаватымі ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і прыгаварыў да штрафу.

Цяпер крымінальная справа адноўленая — таму што да гэтага часу невядома, куды знікла гарэлка.

Былыя работнікі „Радаміра” спадзяюцца, што з аднаўленнем крымінальнай справы следства нарэшце знойдзе вінаватых.

Былая загадчыца складоў і кладаўшчыцы лічаць, што страта гарэлкі звязаная з безадказнасцю некаторых службаў прадпрыемства. „Інвентарызацыі толкам не праводзіліся — камісіі прыйдуць, паходзяць, нічога толкам не лічылі. Кантролю за прадукцыяй не было. Доступ да складоў мела неабмежаванае кола асоб. Тавар адпісваўся, вяртаўся на склад і гэтак далей”, — растлумачылі былыя работніцы.

Былая загадчыца склада будзе абскарджваць рашэнне суда.

Згодна з законам, яна абавязаная выплачваць 20% зарплаты ў кошт пагашэння ўрону. Яе аклад на іншым месцы працы — прыблізна 180 рублёў.

belapan.by