Cуд сёння разгледзіць справу Кастуся Жукоўскага



Суд Цэнтральнага раёна Гомеля разгледзіць сёння  справу  грамадскага актывіста Кастуся Жукоўскага. Яго вінавацяць у непадпарадкаванні міліцыі. На папярэднім паседжанні 26 жніўня суддзя задаволіла хадайніцтвы актывіста аб вядзенні працэсу на беларускай мове і  выдзяленні адваката.  Да ўзнаўлення працэсу Кастуся Жукоўскага адпусцілі з-пад варты.

На думку праваабаронцы Леніда Судаленкі, такое рашэнне суддзі дазваляе меркаваць, што сённяшні прысуд будзе больш мяккім.

– Звычайна, калі актывіст сядзіць да суда, яму даюць суткі. А тут мы бачым такую сітуацыю, што ноч і палову дня ён правёў у ІЧУ і яго адпусцілі. Мяркуем, што пакаранне не будзе звязанае з адміністрацыйным арыштам. Напэўна, ён атрымае нейкі штраф за тое, што быццам бы не падпарадкоўваўся супрацоўнікам міліцыі. На маю думку,  арышту не будзе.

Грамадскі актывіст Кастусь Жукоўскі быў затрыманы 25 жніўня вечарам міліцыянтамі, якіх ён сам і выклікаў. Супрацоўнікі АМАП затрымалі актывіста і адвезлі ў Цэнтральны РАУС.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота by.prava-by.info