Да 6 гадоў калоніі асудзілі Аляксея Санчука



У судзе Маскоўскага раёна Менска амаль месяц судзяць 30-гадовага палітзняволенага барабаншчыка Аляксея Санчука. Сёння, 13 траўня, па справе быў абвешчаны прысуд.

Санчука абвінавацілі па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя, падрыхтоўка дзеянняў, актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 293 (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках) і арт. 13 ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Суддзя Таццяна Пірожнікава асудзіла палітвязня на шэсць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму — менавіта такое пакаранне і прасіў пракурор Яўген Серакоў.

Нагадаем, у лістападзе ў Менску на рэпетыцыі сілавікі затрымалі групу барабаншчыкаў „Патрабуем разысціся”, якая восенню стала адным з сімвалаў пратэстаў. Музыкаў адміністрацыйна асудзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту, але адзін з затрыманых тады — Аляксей Санчук — пасля 15-сутачнага арышту так і не выйшаў на волю. Супраць яго распачалі крымінальную справу.

На „пакаяльным відэа” АНТ Аляксей пасля затрымання толькі сказаў: „Я вучыў рытм”. Па словах іншых затрыманых музыкаў, пры затрыманні супрацоўнікі ГУБАЗіКа збівалі Аляксея і патрабавалі пароль ад тэлефона. Сам Аляксей на судзе заяўляў пра маральны ціск.

У чым абвінавацілі Санчука?

Аляксея Санчука абвінавацілі па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя, падрыхтоўка дзеянняў, актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 293 (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках) і арт. 13 ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).

Згодна з версіяй абвінавачвання, Аляксей Санчук „пад выглядам масавых мерапрыемстваў” у Менску здзяйсняў дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак: перакрываў праезную частку, аказваў відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам УУС, крычаў лозунгі, гучна пляскаў далонямі, размахваў бел-чырвоным-белым сцягам. Гэтым ён здзейсніў злачынства, прадугледжаннае ч. 1 арт. 342 КК.

Дзяржабвінаваўца сцвярджае, што з чэрвеня па 4 лістапада 2020 году Аляксей Санчук браў актыўны ўдзел у масавых беспарадках, купляў піратэхніку, адкрыў рахунак у «Тэхнабанку» для фінансавання пратэстаў.

За блакаванне дарог 27 верасня, 18 кастрычніка, 4 кастрычніка, 25 кастрычніка, 1 лістапада «Менсктранс» выставіў яму пазоў на суму 161 900 рублёў.

Таксама па версіі следства, ён „арганізаваў супольнасць, дзе навучаў людзей, схіляў асобаў да групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Яго абвінавачваюць у тым, што ён ажыццявіў навучанне асоб для ўдзелу ў масавых мерапрыемствах, здзяйснення гучных воплескаў рукамі, якія парушаюць спакой грамадзян. Гэта ч. 2 арт. 342 КК.

Па версіі абвінавачвання, з чэрвеня па лістапад 2020 года Санчук па папярэдняй змове з мэтай выказвання палітычных поглядаў стварыў тэлеграм-чат, які мае ў сваёй назве слова „Крыжыкі”.

Па ч. 3 арт. 293 і арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках) яго абвінавачваюць за тое, што ў яго падчас вобшуку былі знойдзеныя 67 небяспечных піратэхнічных вырабаў(кшталту «Чайная ружа», «Хвалісты папугайчык», «Шок»), петарды, газавыя балончыкі, 18 лазерных указак, аптычная сістэма назірання, пнеўматычная стрэльба і іншае.

Санчук прызнаў сябе вінаватым па ч.1 і 2 арт. 342, а па ч. 3 арт. 293 і арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК — віну не прызнаў.

spring96.org