Да арыштаванага блогера Сяргея Ціханоўскага адпраўлены адвакат



Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка паведамляе, што да арыштаванага блогера Сяргея Ціханоўскага адпраўлены адвакат. Разам з юрыдычным абаронцам да стваральніка ютуб-канала “Краіна для жыцця” перададзеная паштоўка ад дэмакратычнай грамадскасці Гомеля. Леанід Судаленка заўважае, што арышт Сяргея Ціханоўскага мае ўсе прыкметы палітычнага ціску.

– У нас няма з Сяргеем дамовы, але я ад сябе яму прапаную ўсё ж падрыхтаваць скаргу. І гэтую скаргу я абгрунтаваў менавіта парушэннем права на мірны сход, права на выказванне меркавання. Мы спецыяльна накіроўваем адваката. Я яму такую вось паштоўку ад імя грамадска-палітычнага цэнтра напісаў: “Каманда Палеская – 52” віншуе цябе, Сяргей, з Новым годам! Спадзяёмся і верым, што ў новым годзе наша краіна стане сапраўды краінай для жыцця. І ў нас спыняцца палітычныя рэпрэсіі, як гэта здарылася з табой. Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!” 

Сяргей Ціханоўскі – гомельскі прадпрымальнік і відэаблогер. За параўнальна кароткі час ён дабіўся вядомасці, ствараючы рэзанансныя ролікі на сацыяльныя і палітычныя тэмы. Падчас прамінулых парламенцкіх выбараў ён быў арганізатарам самай масавай сустрэчы незадаволеных уладамі грамадзянаў ў Гомелі, на якую прыйшло каля 300 чалавек. Відэаблогера затрымалі 27 снежня па дарозе ў Менск, куды ён накіроўваўся, каб асвятляць чарговую акцыю пратэсту супраць “паглыбленай інтэграцыі” з Расеяй.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота: скрыншот з відэа