Да галадоўкі салідарнасці з Ігарам Лосікам далучыўся святар



19 студзеня пра сваю галадоўку салідарнасці з Ігарам Лосікам абвясціў святар Уладзіслаў Багамольнікаў. Адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу» галадае ўжо больш за месяц — з 15 снежня мінулага года. Яму становіцца горш: з’явіліся праблемы з ціскам.

Іярэй Уладзіслаў Багамольнікаў выкладае філасофію ў Менскай акадэміі і семінарыі. У лісце, які атрымаў партал Tut.by, матывы свайго ўчынку ён тлумачыць наступным чынам:

«Я, Уладзіслаў Багамольнікаў, далучаюся да галадоўкі Ігара Лосіка. Планую працягваць, пакуль гэта робіць ён. Калі здарыцца непапраўнае, паспрабую пратрымацца столькі ж дзён, колькі пратрымаўся Ігар. Спадзяюся, што да гэтага ня дойдзе, і яму заменяць меру стрымання на хатні арышт. Або ён сам адмовіцца ад задумкі, калі даведаецца, што цяпер гаворка не толькі пра ягонае ўласнае здароўе».

Фота з сайта Тут.бай